Мінск 10:28

Прэзідэнт Егіпта прыняў прапанову наведаць Беларусь, сцвярджае Лукашэнка

Архіўнае фота: "Анадалу"

19 лістапада, Позірк. Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі прыняў прапанову наведаць Беларусь з візітам, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы гэтага палітыка з днём нараджэння.

“Спадзяюся на хуткую сустрэчу і ўпэўнены, што яна надасць новы імпульс двухбаковай кааперацыі, рэалізацыі сумесных праектаў, якія адпавядаюць інтарэсам абедзвюх краін”, — цытуе віншавальніка яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, Егіпет “прайшоў значны шлях у сацыяльна-эканамічным развіцці, росце вытворчага і навуковага патэнцыялу, мадэрнізацыі інфраструктуры і пашырэнні міжнародных сувязяў”. “Беларусь з павагай назірае за намаганнямі ўладаў краіны, накіраванымі на павышэнне дабрабыту народа і павелічэнне ролі егіпецкай дзяржавы як аднаго з ключавых цэнтраў сілы ў арабскім свеце і на афрыканскім кантыненце”, — гаворыцца ў пасланні.

Аўтар віншавання адзначыў, што беларуска-егіпецкія адносіны “працягваюць развівацца на аснове ўзаемнага даверу і прыязнасці”. “Наша супрацоўніцтва паглыбляецца па вялікім шэрагу кірункаў — ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да адукацыі, навукі і тэхналогій”, — сцвярджае Лукашэнка.

Як паведамляў “Позірк” у ліпені, на працягу года Лукашэнка тройчы прапаноўваў ас-Сісі сустрэцца.

Дыпламатычныя адносіны паміж Мінскам і Каірам устаноўленыя 1 лютага 1992 года. Амбасада Беларусі ў Егіпце адкрылася ў жніўні 1997 года.

Паводле звестак беларускага МЗС, у 2021 годзе аб’ём узаемнага гандлю склаў 62,68 млн долараў (беларускі экспарт — 41,77 млн, імпарт — 20,91 млн). Актуальныя даныя знешнепалітычнае ведамства не прыводзіць.

Паводле даных ААН, у 2023 годзе экспарт Егіпта ў Беларусь склаў 21,5 млн долараў, імпарт з Беларусі — 79,6 млн.

Падзяліцца: