Мінск 17:01

Лукашэнка пра “некаторых рэктараў”: Яны ўжо дагрукаліся да антыдзяржаўнай палітыкі

Архіўнае відэа ў неафіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы Лукашэнкі / стоп-кадр: "Позірк"

20 лістапада, Позірк. Рэктар — гэта праца, пра якую “марыць толькі можна”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 лістапада ў Мінску, патрабуючы “выніку” ад прызначанага кіраўніком БДТУ Сяргея Каспяровіча і кіраўніком Магілёўскага дзяржуніверсітэта Юрыя Машына.

Каспяровіч раней узначальваў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Машын працаваў першым прарэктарам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

“Рэктар — гэта найвялікшая пасада, — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба. — Усё ў цябе пад рукамі: працуеш з моладдзю, разумныя, пісьменныя падначаленыя”.

У той жа час палітык раскрытыкаваў паводзіны асобных кіраўнікоў ВНУ: “Некаторых панесла. Асабліва маладых рэктараў. Яны ўжо дагрукаліся да антыдзяржаўнай палітыкі”.

“Яны сталі “царкамі” там, ва ўніверсітэце, — заявіў Лукашэнка. — Уратуй вас Гасподзь ад гэтага галавакружэння ад поспехаў. Мае быць пэўная палітыка. А то ў нас некаторыя кажуць: “На Захадзе — вось гэта так, а ў нас — гэта не”. І ў той жа час усе вы і тыя, пра якіх я кажу (прабачце, не называю сёння прозвішчы), яны ж адукацыю атрымалі і вялікімі сталі тут. Таму працуйце сумленна, акуратна”.

23 кастрычніка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета міністраў Лукашэнка нагадаў, што “некалькі гадоў таму” ўлады на гэтую тэму “буйна пагаварылі і вызначыліся: ніякага Балонскага працэсу”, бо ў краіне “нармальная адукацыя”.

Беларусь прынялі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (ЕПВА) і Балонскі працэс у 2015 годзе з другой спробы. У 2012 годзе пытанне ўступлення Беларусі было знятае з парадку дня, паколькі рабочая група Балонскага працэсу прыйшла да высновы пра негатоўнасць краіны далучыцца да ЕПВА праз неадпаведнасць яе прынцыпам: аўтаноміі ўніверсітэтаў, акадэмічных свабод, удзелу студэнтаў у кіраванні адукацыяй.

Выбарнасць рэктараў з’яўляецца адным са складнікаў прынцыпу аўтаноміі, але ў Беларусі рэктары на падставе прызначэння ўрада зацвярджаюцца Лукашэнкам.

У снежні 2021 года праз акадэмічныя рэпрэсіі Беларусь выключылі з кіраўніцтва працоўнай групай ЕПВА, адпаведную прапанову ўнёс Еўрапейскі студэнцкі саюз. Рашэнне прынялі на пасяджэнні Балонскай групы ў Славеніі. Тады ж стала вядома, што Беларусі неафіцыйна прапаноўвалася адмовіцца ад сустаршынства ў групе, але Мінск на гэта не пайшоў.

Беларусь мела прыступіць да кіраўніцтва працоўнай групай у другой палове 2022 года. Паколькі краіна не з’яўляецца сябрам Еўрасаюза, функцыі належала падзяліць з Чэхіяй.

Краіны — члены ЕПВА і міжнародныя арганізацыі раскрытыкавалі рэпрэсіі беларускіх уладаў у дачыненні да выкладчыкаў і студэнтаў у Беларусі.

У красавіку 2022 года ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі і Расіі былі выключаныя з Балонскага працэсу на фоне вайны ва Украіне.

Балонскі працэс — гэта рух па стварэнні Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Сярод іншага ЕПВА прадугледжвае двухузроўневую сістэму адукацыі — бакалаўрыят (4 гады навучання) і магістратуру (2 гады). Працэс быў запушчаны з падпісання Балонскай дэкларацыі, якое адбылося ў 1999 годзе ва ўніверсітэце італьянскага горада Балоння, з таго дэкларацыя і працэс атрымалі сваю назву.

Падзяліцца: