Мінск 22:16

Латушка назваў “дэзінфармацыяй” заяву МЗС аб вышуку ў Беларусі падазраваных у дыверсіях на польскай чыгунцы

Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет

21 лістапада, Позірк. Заява Міністэрства замежных спраў аб удзеле беларускага боку ў пошуку падазраваных у дыверсіі на польскай чыгунцы “выглядае як частка вялікай кампаніі па дэзынфармацыі”, заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

У палітыка “практычна няма ніякіх сумневаў”, што акты дыверсіі ў Польшчы здзейснілі асобы, “звязаныя з расійскімі спецслужбамі пры садзейнічанні рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі”.

Паводле слоў Латушкі, дыверсанты ўехалі на тэрыторыю Польшчы з тэрыторыі Беларусі, а затым вярнуліся назад, “выкарыстоўваючы пашпарты грамадзян Украіны”.

“Лукашэнка ў цяперашні момант ажыццяўляе шантаж як дзяржаўны тэрарыст у дачыненні да суседняй Літвы, патрабуючы пачаць палітычныя перамовы, не даючы згоды на выезд літоўскіх [вялікагрузных] аўтамабіляў і грамадзян Літвы з тэрыторыі Беларусі”, — адзначыў палітык.

Адначасова, лічыць ён, “метадам маніпуляцый” Лукашэнка спрабуе ўцягнуць Польшчу ў “палітычныя перамовы”. На гэтыя дзеянні мінскага рэжыму, на яго думку, “павінен быць агульны адказ Еўрапейскага саюза — яшчэ больш магутныя санкцыі і ціск”.

Лукашэнка павінен несці адказнасць за “парушэнне міжнароднага права, правакацыі, дэстабілізацыю сітуацыі ў суседніх дзяржавах і дзеянні супраць грамадзян Літвы і Польшчы”, сказаў Латушка.

Раней 21 лістапада ў МЗС заявілі, што кампетэнтнымі органамі Беларусі і Польшчы “праводзяцца сумесныя мерапрыемствы для ўстанаўлення месцазнаходжання двух грамадзян Украіны, падазраваных у здзяйсненні на польскай тэрыторыі злачынстваў тэрарыстычнага характару”.

19 лістапада нота з просьбай выдаць двух грамадзян Украіны, падазраваных у датычнасці да дыверсій на чыгунцы ў двух ваяводствах Польшчы, была ўручана часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Польшчы.

15 і 17 лістапада ў Польшчы адбыліся два інцыдэнты на чыгунцы. Спачатку стала вядома пра няспраўнасці ў чыгуначнай інфраструктуры ў раёне населенага пункта Жычын (Мазавецкае ваяводства) у люблінскім напрамку. Шляхі былі пашкоджаны выбухам, непадалёк знойдзена яшчэ адна выбуховая прылада, якая не здэтанавала, паведамлялі польскія СМІ.

Другі інцыдэнт адбыўся пад Пулавамі (Люблінскае ваяводства), дзе была пашкоджана чыгуначная кантактная сетка.

18 лістапада прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што дыверсію на польскай чыгунцы здзейснілі грамадзяне Украіны, якія пасля гэтага пакінулі краіну праз пункт пропуску Цярэспаль, выехаўшы ў Беларусь.

Тады ж міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі заявіў, што Варшава будзе патрабаваць ад Мінска выдачы фігурантаў.

На наступны дзень пракуратура Польшчы выставіла абвінавачанні ў здзяйсненні дыверсій тэрарыстычнага характару паводле замовы Расіі. Датычнымі лічаць 39-гадовага Аляксандра К. і 41-гадовага Яўгена І.

Мужчыны абвінавачваюцца ў шпіянажы, які ўключае дыверсіі ў інтарэсах замежных спецслужбаў, стварэнні пагрозы катастрофы наземнага транспарту і выкарыстанні выбуховых рэчываў. Ім пагражае пажыццёвае зняволенне.

Па справе аб дыверсіях у Польшчы затрымана яшчэ некалькі чалавек.

Падзяліцца: