Мінск 21:38

Коўл пра вызваленне групы ўкраінцаў: Яшчэ адзін пазітыўны крок з боку Лукашэнкі на шляху да большых мэтаў

Cпецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл
Архіўнае фота: "Позірк"

22 лістапада, Позірк. “Яшчэ адзін пазітыўны крок з боку прэзідэнта [Аляксандра] Лукашэнкі на шляху да большых мэтаў” — такім чынам спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл пракаментаваў рашэнне беларускага палітыка вызваліць і перадаць Украіне групу грамадзян гэтай краіны.

“Пасля перамоў з Беларуссю сёння з турмы быў вызвалены 31 украінец, — напісаў прадстаўнік адміністрацыі Дональда Трампа на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Хачу падзякаваць [начальніку Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны] Кірылу Буданаву за яго шчыльную каардынацыю ў гэтай здзелцы”.

Коўл адзначыў, што ў якасці спецпрадстаўніка Трампа і пры яго “сур’ёзнай падтрымцы” вёў адпаведныя перамовы з Мінскам разам з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы Крыстаферам Смітам.

Раней прадстаўнік ГУР Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў падзякаваў Трампу — “за вядучую дапамогу і ролю ЗША” ў гэтай справе, а таксама згаданаму Коўлу і намесніку памочніка дзяржсакратара па справах Еўропы Крыстаферу Сміту — “за працу па вяртанні цывільных і вайсковых украінцаў з тэрыторыі Беларусі і РФ”.

Спікер таксама звярнуў увагу на “канструктыўную пазіцыю кіраўніцтва Беларусі”: “Таму што нашы грамадзяне сёння дома, жывыя, і ім надаецца дапамога”. Адказваць на пытанне, як шмат украінцаў застаецца ў няволі на тэрыторыі Беларусі, ён не стаў, заявіўшы, што гэта “ўразлівая інфармацыя”.

Пра тое, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў 31 грамадзяніна Украіны, што “здзейснілі крымінальныя злачынствы на тэрыторыі” Беларусі, 22 лістапада заявіла прэс-сакратар палітыка Наталля Эйсмант.

Паводле яе слоў, рашэнне прынятае “ў развіццё дасягнутых дамоўленасцей” з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, “на просьбу ўкраінскага боку, у мэтах стварэння ўмоў для ўрэгулявання ўзброенага канфлікту ў сумежнай дзяржаве”.

Лукашэнка, заявіла яго прэс-сакратар, “паступальна выступае за стабілізацыю сітуацыі ў рэгіёне, наладжванне дыялогу паміж усімі дзяржавамі і вырашэнне ўсіх спрэчных пытанняў выключна мірным шляхам”.

“Перагаворы з рознымі краінамі і, перш за ўсё, Злучанымі Штатамі Амерыкі цяпер знаходзяцца ў актыўнай фазе. Мы заўсёды казалі і кажам — Рэспубліка Беларусь адкрытая да дыялога і гатовая разглядаць прапановы ўсіх зацікаўленых бакоў”, — падкрэсліла яна.

Пазней вызваленне групы суайчыннікаў пацвердзіў украінскі Каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі. Ведамства паведаміла, што гэта “жанчыны і мужчыны, затрыманыя на тэрыторыі Беларусі і прыгавораныя да розных тэрмінаў зняволення — ад 2 да 11 гадоў”.

“Узрост самай маладой вызваленай сёння ўкраінкі — 18 гадоў, найстарэйшаму 58 гадоў. Сярод вызваленых грамадзянскіх асоб маюцца хворыя на цяжкія хваробы, у прыватнасці анкалогію. <…> Вызваленыя ўкраінцы атрымаюць усю неабходную медыцынскую дапамогу і рэабілітацыю”, — адзначыў штаб.

Пра гатоўнасць да “вялікай здзелкі” з Вашынгтонам Лукашэнка чарговы разам заявіў падчас паездкі ў Лепельскі раён (Віцебская вобласць). Умовай той “здзелкі” ён назваў захаванне “сваіх інтарэсаў”.

24 лютага 2022 года Расія распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Расследавальнікі неаднаразова прадстаўлялі даныя, якія сведчаць пра тое, што многія беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Ціханоўская вітае вызваленне групы ўкраінскіх грамадзян з беларускіх турмаў

22 лістапада, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская вітае "вызваленне 31 грамадзяніна Украіны — людзей, якіх рэжым у Беларусі ўтрымліваў у якасці закладнікаў, уключаючы тых, хто адкрыта супраціўляўся ўварванню Расіі". "Іх вызваленне стала магчымым дзякуючы намаганням Злучаных Штатаў Амерыкі, а …
Падзяліцца: