Мінск 14:45

Прамвытворчасць Беларусі працягвае зніжацца ва ўмовах ахаладжэння попыту з боку РФ — ЕАБР

Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

24 лістапада, Позірк. Вытворчасць у прамысловасці Беларусі працягвае зніжацца “ва ўмовах ахаладжэння попыту з боку Расіі”, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

Аналітыкі нагадалі, што беларуская прамвытворчасць у студзені — кастрычніку знізілася на 1,3% у гадавым вымярэнні.

Раней “Позірк”, аналізуючы гэтыя лічбы, звяртаў увагу на тое, што пасля 11-месячнага запаволення росту прамвытворчасць перайшла да падзення.

Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” (выйшла ў эфір 28 верасня), заявіў, што эканоміка сутыкаецца з вялікай колькасцю выклікаў. Паводле яго слоў, галіна машынабудавання “адчувае значныя цяжкасці”: “Мы гістарычна заўсёды былі нацэленыя перш за ўсё на расійскі рынак. І, вядома, сітуацыя на рынку нашага найбліжэйшага і найбуйнейшага партнёра не можа не адбівацца”.

У апошнім макрааглядзе ЕАБР адзначыў, што ВУП Беларусі ў студзені — кастрычніку вырас на 1,5% (тут і далей — год да года) і канстатаваў, што пашырэнне эканомікі працягваюць падтрымліваць спажывецкая і інвестыцыйная актыўнасць.

Рознічны тавараабарот, нагадалі эксперты, павялічыўся ў студзені — кастрычніку на 7,7% (пасля 8,2% у студзені — верасні).

Банк таксама звярнуў увагу на тое, што пашырэнне інвестыцый у асноўны капітал за дзесяць месяцаў склала 13,2% (пасля 15,3% за дзевяць месяцаў). Выпуск у сельскай гаспадарцы “аднавіўся да ўзроўню студзеня — кастрычніка 2024 года”, заявіў ЕАБР.

“Дзякуючы падвышанаму ўнутранаму попыту чакаем больш высокіх тэмпаў росту па выніках 2025 года”, — адзначылі ў ЕАБР.

Згодна з найважнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі на 2025 год, рост ВУП павінен скласці 4,1%.

Раней міністр эканомікі Юрый Чабатар паведаміў, што праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года прадугледжвае рост ВУП у 2026-м на 2,8%.

Па выніках 2024 года рост эканомікі склаўся на ўзроўні 4%, 2023 — 3,9%, 2022 — ВУП знізіўся на 4,7%, 2021 — вырас на 2,3%, 2020 — скараціўся на 0,9%.

Міжнародны валютны фонд (МВФ) у кастрычніцкім аглядзе пагоршыў прагноз па росце беларускай эканомікі ў 2025 годзе. На думку аналітыкаў, валавы ўнутраны прадукт Беларусі па выніках 2025 года вырасце на 2,1%, 2026-га — на 1,4%.

Раней Сусветны банк панізіў на 0,3% свой прагноз па росце эканомікі Беларусі ў 2025 годзе — да 1,9% (у чэрвеньскім аглядзе прагноз быў вышэйшы — +2,2%).

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ў верасні таксама пагоршыў свой папярэдні (травеньскі) прагноз — да 1,7% на 2025-ы і да 2,3% — на 2026-ы.

Зніжэнне тэмпаў росту ВУП Беларусі да 1,6% прагназаваў Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця ў сваім рэгіянальным эканамічным аглядзе, апублікаваным у красавіку.

Падзяліцца: