Мінск 21:40

У першым чытанні прыняты праект рэспубліканскага бюджэту, дэфіцыт складае 4,35 млрд рублёў

Ілюстрацыйнае фота: kschneider2991 / pixabay.com

24 лістапада, Позірк. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) на пасяджэнні 24 лістапада прыняла ў першым чытанні законапраект аб рэспубліканскім бюджэце на 2026 год.

Як паведамляе прэс-служба ПП НС, даходы запланаваныя ў памеры 54 млрд 384,3 млн рублёў (+12,4% вышэй ацэнкі паступленняў 2025 года), выдаткі — 58 млрд 733,2 млн (+10,4%).

Такім чынам, меркаваны дэфіцыт складае 4 млрд 348,9 млн рублёў.

Рэспубліканскі бюджэт на бягучы год Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў 13 снежня 2024 года.

Тады адзначалася, што закон распрацаваны на аснове “палажэнняў праграмных дакументаў па сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі” і “з улікам існуючай эканамічнай сітуацыі”.

Даходная частка бюджэту складала 45 млрд 835,8 млн рублёў (+8,1% да ацэнкі паступленняў у 2024 годзе), выдаткі — 50 млрд 295,2 млн рублёў (+12%).

Дэфіцыт бюджэту ацэньваўся ў 4 млрд 459,4 млн рублёў.

На брыфінгу 22 кастрычніка 2024 года старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык выказаў меркаванне, што запланаваны ў бюджэце на 2025 год дэфіцыт “не з’яўляецца падставай для сур’ёзнай размовы”.

На той момант прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, каментуючы запланаваны дэфіцыт, заявіў, што ўрад заўсёды фармуе бюджэт, “зыходзячы з кансерватыўна-песімістычных прагнозаў для таго, каб потым была магчымасць манеўру”. “Калі эканоміка спрацуе лепш, дэфіцыт закрыецца, калі не, будзем аптымізаваць нейкія бюджэтныя выдаткі”, — сказаў ён.

Падзяліцца: