Мінск 13:17

Літва выказала Беларусі пратэст у сувязі з аднаўленнем гібрыдных атак, нагадала пра нявырашаную праблему з грузавікамі

Ілюстрацыйнае фота: tv3.lt

25 лістапада, Позірк. Міністэрства замежных спраў Літвы 24 лістапада выказала прадстаўніку амбасады Беларусі пратэст у сувязі з гібрыднымі атакамі, якія аднавіліся, паведамляецца на сайце літоўскага знешнепалітычнага ведамства.

Адзначаецца, што “беларускі прадстаўнік быў праінфармаваны пра зафіксаваныя ў апошнія дні парушэннях паветранай прасторы Літвы з тэрыторыі Беларусі, якія літоўскі бок расцэньвае як пагрозу нацыянальнай бяспецы і грамадзянскай авіяцыі”.

Таксама было заяўлена, што ў сувязі з інцыдэнтамі 20, 23–24 лістапада “дзейнасць Вільнюскага міжнароднага аэрапорта была прымусова прыпыненая”.

МЗС Літвы запатрабавала ад Беларусі “неадкладна зрабіць захады па недапушчэнні паўтарэння падобных парушэнняў” і папярэдзіла, што калі Беларусь “будзе свядома ўхіляцца ад спынення такіх гібрыдных дзеянняў”, Вільнюс пакідае за сабой права “аднавіць абмежаванні на перасячэнне дзяржаўнай мяжы або прымяніць дадатковыя меры”.

Беларускаму дыпламату ў чарговы раз нагадалі, што дагэтуль не вырашаная праблема “наўмыснага затрымання і нявыпуску з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі седлавых цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў, зарэгістраваных у Еўрапейскім саюзе і прыналежных фізічным і юрыдычным асобам ЕС”.

21 лістапада МЗС Літвы ўручыла прадстаўніку беларускай амбасады ноту пратэсту ў сувязі з “дыскрымінацыйнымі дзеяннямі ў дачыненні да літоўскіх перавозчыкаў” (папярэдняя нота — у сувязі з масавым прылётам метэазондаў — была ўручаная 11 лістапада).

Як паведамляў “Позірк”, апошнія абмежаванні паветранай прасторы над аэрапортам Вільнюса праз “навігацыйныя знакі”, характэрныя для аэрастатаў, уводзіліся з 18:55 (19:55 паводле мінскага часу) 23 лістапада да 0:25 (1:25) 24 лістапада, а таксама з 1:40 (2:40) да 3:25 (4:25) 24 лістапада, пацярпела больш за 1.000 пасажыраў.

Такім чынам, у ноч на 24 лістапада аэрапорт Вільнюса закрываўся ў другі і трэці раз (першы раз — 20 лістапада) пасля таго, як 20 лістапада Літва адкрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю.

Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавыя прылёты з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Пагранпераходы аднавілі працу апоўначы 20 лістапада (а 1:00 паводле мінскага часу). За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы. Мінск на гэтым фоне дамагаецца кантактаў з Вільнюсам на палітыка-дыпламатычным узроўні.

Пасля адкрыцця пунктаў пропуску зафіксаваныя новыя выпадкі прылёту аэрастатаў з Беларусі ў Літву, а таксама Латвію. Кіраўнік літоўскага Міністэрства замежных спраў Кястуціс Будрыс назваў дзеянні Беларусі “камбінаванай атакай”, прэм’ер-міністр Інга Ругінене ў чарговы раз дапусціла магчымасць паўторнага закрыцця пагранпераходаў, калі сітуацыя не зменіцца да лепшага.

Падзяліцца: