Мінск 18:31

Кіраўнік МУС Літвы не бачыць неабходнасці паўторна закрываць мяжу з Беларуссю

Кіраўнік МУС Літвы Уладзіслаў Кандратовіч
Архіўнае фота: Domantas Pipas / Delfi

25 лістапада, Позірк. Паўторна закрываць мяжу з Беларуссю для гарантавання ўнутранай бяспекі Літвы няма неабходнасці, такое меркаванне выказаў міністр унутраных спраў гэтай балтыйскай дзяржавы Уладзіслаў Кандратовіч.

Разам з тым, паводле яго слоў, якія перадае медыя Lrytas, прэрагатыву ў вырашэнні пытання пра тое, закрываць мяжу ці не, мае Міністэрства замежных спраў, з кіраўніком якога Кандратовіч плануе паразмаўляць. У цэлым рашэнне пра магчымае закрыццё мяжы з Беларуссю мае прымаць урад, падкрэсліў кіраўнік МУС.

24 лістапада МЗС Літвы выказала пратэст прадстаўніку амбасады Беларусі ў сувязі з адноўленымі гібрыднымі атакамі. Беларускі дыпламат “быў праінфармаваны пра зафіксаваныя ў апошнія дні парушэнні паветранай прасторы Літвы з тэрыторыі Беларусі, якія літоўскі бок расцэньвае як пагрозу нацыянальнай бяспецы і грамадзянскай авіяцыі”.

Таксама было заяўлена, што ў сувязі з інцыдэнтамі 20, 23–24 лістапада “дзейнасць Вільнюскага міжнароднага аэрапорта была прымусова прыпыненая”.

МЗС Літвы запатрабавала ад Беларусі “неадкладна зрабіць захады меры па недапушчэнні паўтарэння падобных парушэнняў” і папярэдзіла, што калі Беларусь “будзе свядома ўхіляцца ад спынення такіх гібрыдных дзеянняў”, Вільнюс пакідае за сабой права “аднавіць абмежаванні на перасячэнне дзяржаўнай мяжы або прымяніць дадатковыя меры”.

21 лістапада МЗС Літвы ўручыла прадстаўніку беларускай амбасады ноту пратэсту ў сувязі з “дыскрымінацыйнымі дзеяннямі ў дачыненні да літоўскіх перавозчыкаў” (папярэдняя нота — у сувязі з масавым прылётам метэазондаў — была ўручаная 11 лістапада).

Як паведамляў “Позірк”, апошнія абмежаванні паветранай прасторы над аэрапортам Вільнюса праз “навігацыйныя знакі”, характэрныя для аэрастатаў, уводзіліся з 18:55 (19:55 паводле мінскага часу) 23 лістапада да 0:25 (1:25) 24 лістапада, а таксама з 1:40 (2:40) да 3:25 (4:25) 24 лістапада, пацярпела больш за 1.000 пасажыраў.

Такім чынам, у ноч на 24 лістапада аэрапорт Вільнюса закрываўся ў другі і трэці раз (першы раз — 20 лістапада) пасля таго, як 20 лістапада Літва адкрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю.

Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавыя прылёты з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Пагранпераходы аднавілі працу апоўначы 20 лістапада (а 1:00 паводле мінскага часу). За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Аляксандра Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы. Мінск на гэтым фоне дамагаецца кантактаў з Вільнюсам на палітыка-дыпламатычным узроўні.

Пасля адкрыцця пунктаў пропуску зафіксаваныя новыя выпадкі прылёту аэрастатаў з Беларусі ў Літву, а таксама Латвію. Кіраўнік літоўскага Міністэрства замежных спраў Кястуціс Будрыс назваў дзеянні Беларусі “камбінаванай атакай”, прэм’ер-міністр Інга Ругінене ў чарговы раз дапусціла магчымасць паўторнага закрыцця пагранпераходаў, калі сітуацыя не зменіцца да лепшага.

Падзяліцца: