У кастрычніку пастаўкі беларускага бензіну ў Расію выраслі ў 47 разоў у гадавым вылічэнні — СМІ

26 лістапада, Позірк. Беларусь рэзка павялічыла пастаўкі бензіну на расійскі рынак на фоне паліўнага крызісу, які намеціўся ў РФ, паведаміла 26 лістапада выданне The Moscow Times.
Апелюючы да інфармацыі, якую “Ведамасцям” падаў прадстаўнік Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы, выданне адзначае, што ў кастрычніку 2025 года аб’ём таргоў беларускім бензінам вырас у 47 разоў да кастрычніка 2024-га — да 36.480 тон. За 19 дзён лістапада на біржы было прададзена 21.720 т беларускага бензіну — у 7 разоў больш, чым за супастаўны леташні перыяд.
У той жа час аналагічнага росту продажаў дызпаліва з Беларусі на расійскай біржы пакуль не назіраецца. У кастрычніку аб’ём таргоў упаў на 27% у гадавым вылічэнні — да 27.360 т, а з 1 па 19 лістапада пастаўкі выраслі на 21% — да 23.820 т.
Выданне нагадала, што бензін у Беларусі вырабляюць нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры (Гомельская вобласць) і Наваполацку (Віцебская вобласць). У 2020 годзе — да ўвядзення санкцый ЕС у дачыненні да нафтавай галіны (лета 2021-га) — краіна вырабіла 3,2 млн т гэтага паліва, з якіх 1,8 млн т пайшло на экспарт, спаслалася выданне на гендырэктара Open Oil Market Сяргея Цярэшкіна. Прымаючы да ўвагі гэтыя аб’ёмы, эксперт выказаў меркаванне, што кожны месяц Беларусь можа пастаўляць у РФ каля 150 тыс. т бензіну.
Іншы эксперт, кіроўны партнёр Neft Research Сяргей Фралоў, адзначыў, што цяперашнія аб’ёмы паставак беларускага паліва не такія істотныя на фоне агульнага аб’ёму спажывання бензіну ў Расіі. Разам з тым, паводле яго слоў, яны важныя для “стабілізацыі рынку ва ўмовах выпадзення часткі аб’ёмаў вытворчасці” (відавочна, гаворка пра вытворчыя магутнасці, выведзеныя з ладу дронамі ў адказ на агрэсію РФ супраць Украіны).
У кастрычніку агенцтва Reuters паведамляла, што ў сувязі з недахопам бензіну ў Расіі праз “ўкраінскія атакі на яе энергетычную інфраструктуру”, аб’ём чыгуначных паставак беларускага бензіну ў Расію ў верасні ў параўнанні са жніўнем вырас у чатыры разы.
Раней паведамлялася, што на фоне “высокага попыту і пазапланавых прыпынкаў нафтаперапрацоўчых заводаў” у ліпені пасля працяглага перапынку, які пачаўся ўвосені 2024 года, аднавіліся продажы бензіну з Беларусі праз Санкт-Пецярбургскую біржу.
За ліпень — верасень 2025 года на таргах рэалізавана 96,9 тыс. т беларускіх нафтапрадуктаў — на 36% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га. У верасні продажы бензіну з беларускіх НПЗ выраслі на 168% месяц да месяца, а дызеля — на 83%.
Пры гэтым, як заяўлялася, пастаўкі паліва з Беларусі “носяць нясталы характар, а іх аднаўленне супала з пачаткам росту напружання на ўнутраным рынку паліва ў Расіі”.
За 2023 год Беларусь паставіла ў Расію 45 тыс. т бензіну і 270 тыс. т дызпаліва.
Афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю 24 лютага 2022 года агрэсіі супраць Украіны.

- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаУ кастрычніку колькасць занятых у эканоміцы павялічылася на 0,13% — даныя Белстата (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі, ПалітыкаЦіханоўская прыбыла ў Германію для абмеркавання плана Трампа па Украіне і далейшых крокаў па Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка


