Мінск 16:04

Урад змяніў парадак акрэдытацыі юрыдычных асоб для правядзення апытанняў грамадскай думкі

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

26 лістапада, Позірк. Пастанову Савета міністраў, якая мяняе парадак акрэдытацыі юрыдычных асоб для правядзення апытанняў грамадскай думкі, падпісаў 26 лістапада прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.

У паведамленні прэс-службы, гэта названа “ўдасканаленнем”. Адзначаецца, што дакумент скіраваны ў тым ліку на дзейнасць камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук, якая займаецца акрэдытацыяй.

З улікам “напрацаванай практыкі” пастанова вызначае склад і парадак фармавання згаданай камісіі, а таксама замацоўвае яе “паўнамоцтвы і правы па правядзенні акрэдытацыі, сталаму аналізу і ацэнцы вынікаў апытанняў грамадскай думкі”.

У дакуменце прапісаныя патрабаванні да юрыдычных асоб, якія “выказалі жаданне праводзіць апытанні грамадскай думкі і распаўсюджваць іх вынікі ў СМІ, на інтэрнэт-рэсурсах, агрэгатарах навін”.

Рэгламентуецца “парадак вядзення рэестра акрэдытаваных юрыдычных асоб на правядзенне апытанняў грамадскай думкі”.

Улады забаранілі праводзіць у Беларусі сацыялагічныя апытанні без адмысловай акрэдытацыі ў 2020 годзе. Паведамлялася, што рашэнне было прынятае пасля публікацыі ў СМІ вынікаў апытанняў, якія паказвалі нізкі ўзровень падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі ў перыяд выбарчай кампаніі.

Мінскі гарадскі суд 8 жніўня 2025 года прыгаварыў былога кіраўніка маркетынгавай кампаніі Satio — 43-гадовага Яўгена Краснянскага — да 7,5 года пазбаўлення волі. Краснянскі прызнаны вінаватым паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) і ч. 1 арт. 2433 (ухіленне ад выплаты страхавых унёскаў, якое прывяло да нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.

4 красавіка Следчы камітэт, паведамляючы пра завяршэнне папярэдняга расследавання па крымінальнай справе пра “здраду дзяржаве”, заяўляў, што абвінавачанні выстаўленыя тром жыхарам Мінска — дзвюм жанчынам і мужчыне. Сцвярджалася, што яны “на шкоду нацыянальнай бяспецы перадавалі фондам і некамерцыйным арганізацыям, якія дзейнічалі пад патранажам спецыяльных службаў замежных дзяржаў, матэрыялы пра стан спраў у розных сферах жыцця Рэспублікі Беларусь”.

Было заяўлена, што мужчына падрыхтаваў для адной з такіх арганізацый даследаванне, “якое ўтрымлівала загадзя ілжывыя звесткі пра тую палітыку ў галіне аховы здароўя, якая праводзіцца ў краіне, у частцы захадаў, што робяцца для барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй”.

Даследаванне праводзілася кампаніяй, якую ён узначальваў, што не мела ў Беларусі “акрэдытацыю для вывучэння названых пытанняў”, гаварылася ў паведамленні. СК заявіў, што былі падрыхтаваныя “ангажаваныя вынікі, якія адказваюць запытам замоўцы, — для далейшага іх выкарыстання на шкоду нацыянальнай бяспецы і інтарэсам дзяржавы”.

“Аналагічныя дзеянні”, паводле сцвярджэння ведамства, здзяйснялі дзве мінчанкі (37 і 43 гадоў), якія “за ўзнагароду праводзілі сацыялагічнае даследаванне, што тычыцца нібыта наяўнасці пераваг сярод грамадзян у развіцці краіны праз інтэграцыю з краінамі Еўрапейскага саюза”.

Кампанія Satio працавала на беларускім рынку больш за 20 гадоў, займалася навучаннем персаналу, сацыялагічнымі даследаваннямі на падставе замоў бізнесу, праводзіла маркетынгавыя даследаванні.

22 і 23 траўня прапагандыст тэлеканала АНТ Ігар Тур у супрацы з начальнікам следчага ўпраўлення КДБ Канстанцінам Бычакам выпусціў сюжэты пра тое, як апошні ўдзельнічаў у апытанні Беларускай аналітычнай майстэрні (Варшава), назваўшыся супрацоўнікам нафтаперапрацоўчага завода “Нафтан” у размове з дырэктарам арганізацыі Марынай Новікавай. У выніку Бычак назваў сваю рэальную пасаду і заклікаў Новікаву спыніць займацца экстрэмісцкай дзейнасцю.

16 траўня КДБ прызнаў Беларускую аналітычную майстэрню “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Адпаведны запіс быў унесены ў спіс, які вядуць КДБ і МУС, 21 траўня, за дзень да выхаду тэлесюжэту.

4 чэрвеня стала вядома, што ў удзельнікаў сацыялагічных апытанняў, якія пражываюць у Беларусі, арганізаваных Беларускай аналітычнай майстэрняй, прайшлі вобшукі, маюцца затрыманыя. Пра гэта паведамілі Позірку дзве крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

Рэйды праводзілі супрацоўнікі КДБ.

Падчас вобшукаў была вынятая тэхніка: кампутары, ноўтбукі, тэлефоны. Супрацоўнікаў КДБ цікавіла, хто праводзіў сацапытанні, колькі за гэта плацілі і якім чынам.

Беларуская аналітычная майстэрня — незалежная сацыялагічная і аналітычная ініцыятыва, заснаваная ў 2012 годзе ў Варшаве сацыёлагам Андрэем Вардамацкім. Займаецца даследаваннямі грамадскай думкі ў Беларусі па пытаннях геапалітычнай арыентацыі, палітычных настрояў і інфармацыйных пераваг.

Падзяліцца: