Мінск 16:42

У ДТЗ пад Мінскам загінуў 31-гадовы кіроўца

26 лістапада, Позірк. Аб смяротным дарожна-транспартным здарэнні ў Мінскім раёне, паведамляе Дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці.

Аварыя здарылася 25 лістапада каля 21:00 на 25-м кіламетры дарогі М-3 “Мінск — Віцебск”.

“31-гадовы жыхар Лагойска, рухаючыся на аўтамабілі “Пежо 306” у кірунку сталіцы, паводле папярэдняй інфармацыі, не справіўся з кіраваннем, дапусціў занос транспартнага сродку, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе ўчыніў сутыкненне з седлавым цягачом “Вольва FH16″ у счэпцы з паўпрычэпам Bodex Kis пад кіраваннем 31-гадовага мінчука”, — гаворыцца ў паведамленні.

Кіроўца “Пежо” ад атрыманых траўмаў памёр на месцы здарэння.

ДАІ заклікала кіроўцаў улічваць пры кіраванні ўмовы надвор’я і іх уплыў на дарожную абстаноўку.

Як раней паведамляў Следчы камітэт, у першай палове гэтага года ў Беларусі зафіксавана змяншэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў і пацярпелых у іх людзей, аднак узрасла колькасць загінулых. Значны рост колькасці ДТЗ назіраецца ў Гомельскай вобласці, загінулых — у Мінску, а параненых — у Мінскай вобласці. Дакладныя лічбы не называліся.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Віктар Ротчанкаў 21 кастрычніка паведаміў, што ў 2024 годзе ў ДТЗ у Беларусі загінулі 434 чалавекі.

Падзяліцца: