Мінск 10:26

Лукашэнка лічыць, што СМІ, якія засталіся ў Беларусі, “штодня фармуюць рэальную карціну свету“

27 лістапада, Позірк. XV з’езд Беларускага саюза журналістаў, які адкрыўся ў Мінску 27 лістапада, “аб’яднаў найлепшых прадстаўнікоў журналісцкай супольнасці краіны, чые талент і цвёрдая грамадзянская пазіцыя дапамагаюць адстойваць нацыянальныя інтарэсы і захоўваць духоўныя каштоўнасці народа на перадавой барацьбы за розумы і сэрцы людзей“. Пра гэта, паводле інфармацыі прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, гаворыцца ў яго прывітанні да ўдзельнікаў форуму.

“Журналісты з аб’ектыўным поглядам, уменнем аналізаваць і працай на апярэджанне штодня фарміруюць рэальную карціну свету і дапамагаюць арыентавацца ў інфармацыйных патоках, — гаворыцца ў прывітанні. — Падтрымліваючы традыцыйныя і развіваючы новыя фарматы, вы робіце ўсё, каб беларусы ганарыліся сваёй Радзімай, а за яе межамі пра нашу краіну казалі толькі праўду“.

Лукашэнка лічыць, што “аўтарытэтнае меркаванне і грунтоўны дыялог айчынных СМІ па самых розных тэмах і надалей будуць спрыяць вырашэнню актуальных пытанняў развіцця дзяржавы”.

Паводле інфармацыі БСЖ, яго старшынёй пераабраны тэлепрапагандыст Андрэй Крывашэеў (займае пасаду з лютага 2020 года).

Падчас і пасля падзей 2020 года беларускія ўлады цалкам “зачысцілі” медыйную прастору краіны, у якой засталіся толькі дзяржаўныя і лаяльныя ўладам СМІ.

Частка медыя спыніла існаванне, частка працягвае дзейнасць за мяжой, большасць апошніх атрымала ў Беларусі статус “экстрэмісцкіх“ фарміраванняў альбо арганізацый.

У сваім звароце да пятай гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі Міжнародная федэрацыя журналістаў заявіла, што “абмежаванне свабоды слова і разбурэнне незалежнай журналістыкі“ пры рэжыме Лукашэнкі “фактычна пазбавілі журналістаў магчымасці займацца сваёй справай у любой форме“, пераслед журналістаў за ажыццяўленне імі прафесійнай дзейнасці стаў “звычайнай з’явай”.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у месцах пазбаўлення волі за сваю прафесійную дзейнасць утрымліваецца не менш за 28 работнікаў СМІ.

Падзяліцца: