Мінск 10:57

На журналістку Ірыну Халіп у Беларусі распачалі крымінальную справу — “Новая газета Европа”

Ірына Халіп
Архіўнае відэа: старонка медыя "Новая газета Еўропа" ў "Інстаграме" / стоп-кадр: "Позірк"

28 лістапада, Позірк. У дачыненні да спецыяльнага карэспандэнта анлайн-выдання “Новая газета Еўропа”, беларускай журналісткі Ірыны Халіп распачатая крымінальная справа паводле “экстрэмісцкага” артыкула, паведамляе медыя са спасылкай на сваю калегу.

Паводле слоў Халіп, 27 лістапада ў яе бацькоў, што жывуць у Мінску, адбыўся вобшук. Сілавікі прад’явілі пастанову, з якой вынікала, што падстава для вобшуку — крымінальная справа ў дачыненні да журналісткі. Артыкул не канкрэтызуецца. Справу, як заяўлена, распачала пракуратура.

“Міліцыянеры таксама дапыталі маці Халіп Люцыну Бяльзацкую, — гаворыцца ў паведамленні. — Яны спрабавалі высветліць, дзе знаходзіцца журналістка, а таксама прасілі даць яе нумар тэлефона. Ніякіх прадметаў, якія маглі быць звязаныя з працай журналісткі, у кватэры яе бацькоў не знайшлі”.

Халіп расцэньвае тое, што адбылося, як “цалкам выразны сігнал”: “Памятай, што маеш сям’ю ў Беларусі, перш чым паклёпнічаць на наш квітнеючы рэжым”.

“Такога роду сігналы любяць дасылаць дыктатарскія рэжымы ва ўсім свеце. Так што памылкова сцвярджаць, што чалавек, які паспеў бегчы з краіны, ужо недасягальны. Тыя, у каго застаюцца закладнікі ў краіне зыходу, гэтак жа ўразлівыя, ведаючы, што не могуць засцерагчы ад пераследу сваіх блізкіх”, — заявіла журналістка.

Ірына Халіп — жонка кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава. Увесну 2011 года журналістка была прыгавораная да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на той жа перыяд у рамках справы аб “масавых беспарадках” у Мінску ў снежні 2010 года. Калі адтэрміноўка скончылася, суд вызваліў яе ад крымінальнага пакарання.

Падзяліцца: