Для кантрабанды рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае злачынцаў — кіраўнік памежнай службы Літвы

28 лістапада, Позірк. Для кантрабанды цыгарэт пры дапамозе паветраных шароў рэжым Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўвае злачынцаў, заявіў начальнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы Рустам Любаеў у эфіры радыё LRT.
“Рэжым Лукашэнкі, імкнучыся дасягнуць сваіх мэтаў, прыцягвае злачынцаў як з боку Беларусі, так і з боку Літвы, — сказаў чыноўнік. — Таму мы і кажам пра барацьбу як з групоўкамі, якія займаюцца кантрабандай у Літве, так і канкрэтна з кантрабандай паветранымі шарамі”.
Паводле слоў Любаева, пад каардынацыяй САДМ была праведзеная аперацыя, падчас якой сумесныя сілы праваахоўных органаў “ажыццявілі шырокамаштабныя дзеянні па прадухіленні кантрабанды”, што транспартуецца з Беларусі з дапамогай аэрастатаў, і па выяўленні асоб, якія маюць дачыненне да гэтага.
Больш за 100 супрацоўнікаў розных праваахоўных органаў правялі больш як 30 вобшукаў у Вільнюскім і Друскінінскім самакіраваннях, а таксама ў Варэнскім і Шальчынінскім раёнах ды “зрабілі іншыя дзеянні”.
Кіраўнік памежнай службы заявіў, што аперацыя “дала вельмі шмат значнай інфармацыі”, якой ён, аднак, не падзяліўся.
“Мы бачым праявы гібрыдных дзеянняў. Гэта не навіна: рэжым Беларусі не ўпершыню арганізуе гібрыдную атаку супраць Літвы, і метады яго дзеянняў у сутнасці не мяняюцца”, — сказаў Любаеў.
27 лістапада прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што шэраг міністэрстваў — юстыцыі, транспарту і камунікацый, замежных спраў — зоймецца зборам інфармацыі і прапрацуе магчымасць звароту ў Міжнародны суд ААН праз шкоду і пагрозу грамадзянскай авіяцыі ў сувязі з залётам кантрабандных паветраных шароў з тэрыторыі Беларусі.
Напярэдадні кіраўніца літоўскага ўрада паведаміла, што Латвія і Польшча гатовыя пры неабходнасці абмеркаваць скаардынаванае закрыццё сваіх межаў з Беларуссю на фоне таго, што Літве працягваюць пагражаць аэрастаты, якія запускаюцца з беларускай тэрыторыі.
Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, замінаўшых у тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.
Пагранпераходы аднавілі працу апоўначы 20 лістапада (а 1:00 паводле мінскага часу). За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.
Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перамовы з Вільнюсам па гэтым пытанні маюць весціся на палітычным узроўні, Літва (прынамсі публічна) спрабуе пазбегнуць гэтага. Такія кантакты, на думку ўладаў балтыйскай дзяржавы, будуць азначаць легітымацыю беларускага рэжыму.
Пасля аднаўлення працы пераходаў Літва ўжо тройчы прыпыняла працу аэрапорта ў Вільнюсе праз новыя метэазонды, якія ўрываліся ў паветраную прастору краіны з тэрыторыі Беларусі.

- Эканоміка
- ЭканомікаНаяўныя рэсурсы хатніх гаспадарак за квартал павялічыліся на 4,5% — Белстат (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- ГрамадстваЗа апошнія два дні ў Беларусі зафіксавана 11 рэкордаў цяпла (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка


