Мінск 17:28

“Экстрэмісцкім фарміраваннем” прызнана Radio Plato

28 лістапада, Позірк. Музычны інтэрнэт-праект Radio Plato ўнесены 28 лістапада ў “пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, які вядзе Міністэрства ўнутраных спраў. Цяпер у спісе 319 арганізацый.

Рашэнне аб прызнанні Radio Plato “экстрэмісцкім фарміраваннем” прыняў 20 лістапада Камітэт дзяржаўнай бяспекі, вынікае з запісу на сайце МУС.

Датычнымі да “фарміравання” названыя 10 чалавек: Аляксандр Карняйчук, Павел Кірпікаў, Раман Балбуцкі, Ягор Пуйша, Аляксей Лабуновіч, Дзмітрый Беразавік, Філіп Купрыяновіч, Максім Заньчук, Андрэй Шынкароў і Аляксандр Рынкевіч.

Да “экстрэмісцкіх” аднесеныя сайт і старонкі праекта ў “Інстаграме”, “УКантакце” і “Тэлеграме”.

На сайце радыё адзначаецца, што яно “пачало вяшчаць” увосень 2018 года ў інтэрнэце праз жаданне “дзяліцца выдатнай музыкай, якая часам гублялася або забывалася”.

Сцвярджаецца, што “крыху больш чым за два гады” Radio Plato ператварылася ў “згуртаванае супольніцтва дыджэяў, музычных прадзюсараў, танцораў, падкастараў, дызайнераў і, што самае важнае, меламанаў”, на пляцоўках праекта прадстаўлены “цудоўная мясцовая музыка і мастацтва для глабальнай аўдыторыі”.

26 лістапада стала вядома, што кантэнт Radio Plato быў прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Падзяліцца: