Мінск 10:36

Алексіевіч не збіраецца адмаўляцца ад рускай мовы, заклікае не сядзець у “вузкіх нацыянальных рамках”

Архіўнае фота: "Позірк"

1 снежня, Позірк. Руская мова невінаватая, бо “галоўнае — не мова, галоўнае — ідэі, яны нясуць адказнасць”, заявіла на сустрэчы з чытачамі 29 лістапада ў Варшаве лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч.

Беларуская пісьменніца, якая піша свае творы па-руску, адзначыла, што з ёй “вельмі часта спрачаюцца” адносна мовы.

“Так, можна знайсці ў [Аляксандра] Пушкіна імперскія вершы, нават у [Іосіфа] Бродскага, — заявіла Алексіевіч. — Я не ведаю, мне здаецца, так, ва ўсіх можам гэта знайсці. Яны былі людзьмі свайго часу. Але гэта час, а не мова. Мы ставім у віну час, што яны жылі ў гэтым часе, але руская мова тут ні пры чым. І таму я, напрыклад, не збіраюся адмаўляцца ад рускай мовы”.

Літаратар патлумачыла, што пачала пісаць па-руску, бо “чырвоная ідэя” размаўляла па-руску”. Каб пра гэта напісаць, трэба было “аб’ехаць увесь гэты вялікі Савецкі Саюз”, а куды б яна ні прыязджала, там “усе размаўлялі па-руску”.

“А гэты момант, які перажывае цяпер Украіна — гэта зразумела, гэта адчай, гэта боль. Але я думаю, што гэта пройдзе — наконт мовы. Галоўнае не мова, галоўнае — ідэі. Вось ідэі нясуць адказнасць”, — перакананая лаўрэат Нобелеўскай прэміі.

Алексіевіч, адказваючы на пытанне з залі, заклікала “пашыраць сябе”, “не сядзець у вузкіх нацыянальных рамках”.

“Будзе ж калі-небудзь гэтая новая Беларусь — і трэба сябе рыхтаваць да гэтага. Мы прыйдзем туды ўжо людзьмі, якія прынясуць з сабой кавалачкі свету, тое, што мы спасціглі тут, тое, што мы даведаліся тут. Касмапалітызм — гэта не лаянка, як у нас. Вось я лічу сябе касмапаліткай. Я вельмі рада, што ўва мне ёсць нейкія еўрапейскія веды для жыцця. Я думаю, што гэта вельмі важна ў будучым свеце і нават цяпер. І таму новай Беларусі будзе патрэбны новы чалавек”, — падкрэсліла пісьменніца.

Падзяліцца: