Пісьменніца Святлана Курс: Беларусы сёння — гэта сціснутая спружына

1 снежня, Позірк. Беларусаў на радзіме “паклалі ў зямлю і закаталі катком”, заявіла на сустрэчы з чытачамі 29 лістапада ў Варшаве беларуская пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец).
“Яны ляжаць і трымаюць зямлю над сабой, каб не памерці, і я бачу, што людзі там сціснутыя, як спружына, — сказала літаратар. — З другога боку, я адчуваю, што хутка заззяе беларуская свабода — нашы няшчасці скончацца, а Беларусь стане вялізным лакаматывам развіцця. Гэта будзе як пратуберанец, гэта будзе як выбух”.
Паводле яе слоў, “як толькі ўдасца перамагчы альбо калі трохі расійскі імперыялізм аслабне і разам з ім аслабне, натуральна, рэжым Аляксандра Лукашэнкі, распростванне спружыны будзе вельмі моцным”.
Курс згадала нядаўнюю гісторыю, калі замежніца збіралася адкрыць у Мінску краму мусульманскага адзення, што выклікала вялікую дыскусію ў сацсетках.
“Супраць крамы з хіджабамі можна было пратэставаць у сеціве, не баючыся пераследу з боку ўлады. І туды рванула вот гэтая энергія супраціву, [маўляў,] ніякіх хіджабаў, ніякай мусульманізацыі, — патлумачыла пісьменніца. — І я сабе цяпер уяўляю, калі пратэставаць супраць навязанага квазікаланіяльнага рэжыму будзе можна, з якой моцаю распрастаецца гэтая спружына, і наколькі гэты пратэст будзе няўхільны і няўмольны”.
На думку літаратара, для дзяржавы было нечаканым тое, што прадстаўнікі “ўсіх класаў беларускага грамадства, усіх слаёў, выступілі супраць” рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і яго прадстаўнікі “цяпер саджаюць людзей, якія папросту, напрыклад, цырульніцы, касметаложкі, прадаўшчыцы, трактарысты”.
“І яны (улады. — “Позірк“.) пяць гадоў, як нейкі мядзведзь з запорам, які перас**ўся, спалохаўся, стараюцца дастаць кожнага чалавека, таму што яны вельмі моцна баяцца, — заявіла Курс. — Адна дзяўчына пісала, што ўсюды [у краіне] чырвона-зялёныя сцягі. Гэта яны стараюцца прыбіць свой страх, памеціць тэрыторыю, таму што яны ведаюць, што пад гэтым тоўстым лёдам, пад гэтым страшным страхам, пад гэтай усёй вайной (таму што ў нас таксама вайна ў грамадстве, проста яна не гарачая пакуль што) бурыцца вада. І гэтая вада абавязкова лёд праб’е. Яны страшна баяцца”.
На думку пісьменніцы, ўсе людзі ў краіне, у тым ліку прыхільнікі Лукашэнкі, “хочуць нармалізацыі”, каб грамадства “перастала жыць у пастаянным страху, рэпрэсіях і абмежаваннях”. Яны хочуць “прыгажосці нармальнага жыцця, і каб сваё нешта развівалася”, а не тое, “што прыходзіць з Масквы”, асабліва калі адтуль “прыходзіць вельмі няякасны кантэнт”, адзначыла спікер.
Курс прыгадала пра тое, што “на пачатку 1990-х” Беларусь “тры-чатыры гады мела поўную свабоду”: “Было так ярка, мы былі такія шчаслівыя — на Беларусі і літаратура, і дзяржаўнасць, і адукацыя, і ініцыятыва перла з зямлі, як той жа пратуберанец, як той жа баабаб”. Пасля гэтага, паводле яе слоў, “наступіла цемра”, якая цягнецца амаль 30 гадоў. “І нам рэгулярна раз на адно пакаленне ламаюць хрыбты і прыдушваюць да зямлі”, — дадала яна.
У сувязі з гэтым пісьменніца згадала пратэст, але адзначыла, што ў яе цяпер “узнік такі яшчэ адзін супраціў — як захаваць сябе”.
“Што азначае захаваць сябе? Таму што гістарычна сітуацыя зменіцца, і мы павінны сустрэць момант цэлымі і не зламанымі. Беларусь мы будзем будаваць галодную, некалькі пакаленняў проста галоднай Беларусі. І вось калі яна з’явіцца, мы павінны быць у сілах захаваць сябе, не прыходзіць у адчай, не раздрапваць свае шнары і раны і быць гатовымі кожны дзень. Таму што свабода, як яна мае звычай, прыйдзе нечакана”, — падкрэсліла Курс.

- Грамадства
- ГрамадстваЛюдзі з інваліднасцю складаюць 6% насельніцтва Беларусі — Мінпрацы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 1 снежня 2025 года — 30 студзеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАлексіевіч: Калі б мы былі сам-насам з Лукашэнкам, мы б перамаглі, з Пуціным — складанейМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа чатыры тыдні лістапада Польшча спыніла 400 спроб незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПа справе "Беларускага Гаюна" асуджаны гомельскі прапаведнік царквы хрысціян-адвентыстаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+

