Мінск 09:34

Ціханоўская: Мы бачым акно магчымасцяў для Беларусі

2 снежня, Позірк. “Цяпер мы бачым акно магчымасцяў. Нявызначанасць вакол Украіны прымушае рэжым [Аляксандра Лукашэнки] ісці на саступкі, і мы павінны гэтым цалкам скарыстацца”, — заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў публічным мерапрыемстве ў Нарвежскім Хельсінкскім Камітэце ў Осла 1 снежня.

“Цяпер мы не павінны здымаць ціск, а зрабіць яго яшчэ больш эфектыўным. Лукашэнка вызваляе людзей не з-за гуманнасці. Ён робіць гэта з-за ізаляцыі”, — дадала яна, гаворачы аб выхадзе на волю палітвязняў (цытата паводле прэс-службы палітыка).

Нягледзячы на працу дэмсіл па гуманітарным трэку і вызваленні, пераслед па палітычных матывах у Беларусі працягваецца кожны дзень, “рэжым вызваляе адных, і арыштоўвае іншых”, сказала Ціханоўская.

“Летась вы дапамаглі запусціць Міжнародны гуманітарны фонд. Сотні палітвязняў і сотні іх сем’яў атрымалі дапамогу. Вядома, у лепшым свеце нам не спатрэбіўся б такі фонд. Але мы жывём у іншай рэальнасці. І палітзняволеным патрэбная наша падтрымка”, — адзначыла дэмлідар, маючы на ўвазе Нарвегію.

Ціханоўская сустрэлася са спікерам парламенту Нарвегіі (Стортынгу) Масудам Гарахані, а таксама “прадстаўнікамі асноўных палітычных партый”, паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка. Афіцыйна пачалася праца парламенцкай міжпартыйнай групы “За дэмакратычную Беларусь”.

На сустрэчы з міністрам замежных спраў Эспенам Барта Эйдэ Ціханоўская падзякавала за падтрымку палітвязняў, грамадзянскай супольнасці, культурніцкіх ініцыятыў і незалежных медыя, а таксама заклікала працягнуць дапамогу ўзгаданаму Міжнароднаму гуманітарнаму фонду.

Акрамя таго, адбылася сустрэча з міністрам развіцця Аасмундам Аўкрусам.

Як паведамлялася, Ціханоўская здзяйсняе пяць візітаў на працягу тыдня: у Нарвегію, Італію, Аўстрыю, Германію і Бельгію.

Падзяліцца: