Мінск 13:32

ISW па-ранейшаму расцэньвае ўварванні ў паветраную прастору НАТО з боку Беларусі як падрыхтоўку ўмоў для “магчымай будучай вайны”

Ілюстрацыйнае фота: САДМ Літвы

2 снежня, Позірк. Вільнюс пакуль не ўсклаў адказнасць за апошнія парушэнні сваёй паветранай прасторы аэрастатамі на некага канкрэтнага, “хоць раней літоўскія чыноўнікі прыпісвалі аналагічныя ўварванні Беларусі”, звярнуў увагу амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі нагадалі, што апошні раз улады Літвы былі вымушаныя прыпыніць працу Вільнюскага аэрапорта праз аэрастаты, якія ляцелі ў яго бок, увечары 30 лістапада — у ноч на 1 снежня.

“Начныя назіранні аэрастатаў адбываюцца на фоне неаднаразовых падобных перасячэнняў з беларускай паветранай прасторы (апошні выпадак — у ноч на 29 лістапада), якія прыводзілі да закрыцця аэрапорта Вільнюса”, — гаворыцца ў паведамленні.

Канстатуючы, што Расія “ўсё больш актыўна звяртаецца да прыхаваных і адкрытых атак супраць Еўропы”, ISW па-ранейшаму лічыць, што “парушэнні паветранай прасторы, якія здзяйсняюцца РФ, верагодна, з’яўляюцца часткай яе намаганняў у рамках “нулявой фазы” — больш шырокіх інфармацыйных і псіхалагічных дзеянняў па падрыхтоўцы ўмоў для магчымай будучай вайны паміж НАТО і Расіяй”.

“ISW таксама працягвае лічыць, што Беларусь з’яўляецца фактычным саўдзельнікам РФ у вайне супраць Украіны, таму меркаваныя і пацверджаныя ўварванні ў паветраную прастору НАТО з беларускай паветранай прасторы з высокай верагоднасцю з’яўляюцца часткай больш шырокай “нулявой фазы” Расіі”, — падкрэслілі эксперты.

Пра сувязь масавых прылётаў аэрастатаў з кантрабандай з Беларусі ў краіны Балтыі з падрыхтоўкай Расіі да патэнцыйнага сутыкнення з Паўночнаатлантычным альянсам ISW заяўляў таксама напрыканцы лістапада.

Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, якія перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Пагранпераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перагаворы з Вільнюсам па гэтым пытанні маюць весціся на палітычным узроўні, Літва (прынамсі публічна) спрабуе пазбегнуць гэтага. Такія кантакты, на думку ўладаў балтыйскай дзяржавы, будуць азначаць легітымацыю беларускага рэжыму.

Падзяліцца: