Мінск 18:18

Супрацоўнікі МНС знайшлі 68-гадовага жыхара Чэрвеньскага раёна, які згубіўся ў лесе 4 снежня

Відэа: прэс-служба МНС / стоп-кадр: "Позірк"

6 снежня, Позірк. Жыхар вёскі Глухое (Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці), які згубіўся некалькі дзён таму ў лесе, знойдзены, паведаміла 6 снежня прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле інфармацыі ведамства, 4 снежня міліцыянеры папрасілі супрацоўнікаў МНС дапамагчы з пошукамі 68-гадовага мужчыны. Як высветлілася, вясковы жыхар “накіраваўся ў лес выгульваць сабак і з надыходам прыцемак не вярнуўся дадому”.

Адзначаецца, што ў пошуках мужчыны ўдзельнічала 150 чалавек (у тым ліку з падраздзяленняў МНС — 58), было задзейнічана 40 адзінак тэхнікі і тры сабакі.

“Сёння ўдзень ратавальнікі знайшлі згубленага. Ён ляжаў на зямлі, абклаўшы сябе яловымі галінкамі (верагодна, каб сагрэцца. — “Позірк”.). Мужчыну перадалі медыцынскім работнікам”, — гаворыцца ў паведамленні.

Такім чынам, 68-гадовы жыхар Чэрвеньскага раёна правёў у лесе дзве ночы.

Вёска Глухое знаходзіцца непадалёк ад мяжы раёна, за 32 км ад Барысава і за 29 км ад Беразіно, дзе месцяцца бліжэйшыя метэастанцыі. Згодна з данымі Белгідрамета, уначы 5 снежня барысаўская метэастанцыя зафіксавала 4,6 градуса цяпла, бярэзінская — 4,8 градуса, уначы 6-га — 2,2 і 1,8 адпаведна.

Падзяліцца: