Мінск 19:33

Намеснік кіраўніка МЗС паскардзіўся АБСЕ на пераслед прапагандыстаў

5 снежня, Позірк. Пра значнасць для Беларусі партнёрства з Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ) заявіў на сустрэчы з гендырэктарам агенцтва Рафаэлем Марыяна Гросі намеснік міністра замежных спраў Ігар Сакрэта, паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі.

4 і 5 снежня ў Вене (Аўстрыя) праходзіць 32-е пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін — удзельніц Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), у рамках якога прайшла сустрэча.

Намеснік міністра, як паведамляецца, праінфармаваў гендырэктара аб “планах Беларусі па пашырэнні ядзернай генерацыі ў адпаведнасці з прагназуемым ростам энергаспажывання ў краіне, падкрэсліўшы зацікаўленасць у далейшым умацаванні супрацоўніцтва з МАГАТЭ на ўсіх этапах рэалізацыі ядзернай энергетычнай праграмы“.

Сакрэта таксама “падзякаваў МАГАТЭ за падтрымку ва ўмацаванні рэжыму ядзернай і радыяцыйнай бяспекі“ і “з задавальненнем адзначыў, што місія па ацэнцы сістэмы адукацыі і падрыхтоўкі кадраў (EduTA), якая прайшла ў Беларусі ў лістападзе 2025 года, высока ацаніла нацыянальную сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне радыяцыйнай бяспекі і працу профільных устаноў“.

Прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства “прыцягнуў увагу“ да нядаўняга інцыдэнту на Ігналінскай АЭС, “адзначыўшы сур’ёзную занепакоенасць Беларусі патэнцыйнымі трансгранічнымі наступствамі падобных падзей“, а таксама “адсутнасцю аператыўнага паведамлення, прадугледжанага міжнароднымі і двухбаковымі абавязацельствамі“.

Паведамляецца таксама пра сустрэчу Сакрэты з генеральным сакратаром АБСЕ Ферыдунам Сінірліаглу і прадстаўніком АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Янам Браату.

Прадстаўнік Мінска заявіў пра “гатоўнасць беларускага боку да далейшага канструктыўнага ўзаемадзеяння з усімі структурамі АБСЕ для прадухілення і ўрэгулявання канфліктаў“ і “пацвердзіў зацікаўленасць Мінска ў падтрыманні канструктыўнага дыялогу“, падкрэсліў рэгулярны абмен інфармацыяй і адкрытасць да абмеркавання шырокага кола пытанняў у медыясферы.

Сакрэта таксама “адзначыў адсутнасць рэакцыі офіса Браату на шматлікія факты пераследу і дыскрымінацыі ў дачыненні да журналістаў беларускіх дзяржаўных СМІ, на якія беларускі бок ужо неаднаразова звяртаў увагу раней“.

Адзначым, што ў Савет кіраўнікоў Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) на бліжэйшыя гады абрана адзінаццаць дзяржаў, у тым ліку Літва — галоўны праціўнік працы Беларускай АЭС. У 2026 годзе эксперты МАГАТЭ ацэняць бяспеку эксплуатацыі Беларускай АЭС (місія OSART).

Падчас і пасля падзей 2020 года беларускія ўлады цалкам “зачысцілі“ медыйную прастору краіны, у якой засталіся толькі дзяржаўныя і лаяльныя ўладам СМІ.

Частка медыя спыніла існаванне, частка працягвае дзейнасць за мяжой, большасць апошніх атрымала ў Беларусі статус “экстрэмісцкіх“ фарміраванняў або арганізацый.

Паводле даных БАЖ, у месцах пазбаўлення волі за сваю прафесійную дзейнасць утрымліваецца не менш як 28 работнікаў СМІ.

Падзяліцца: