Мінск 20:50

Прапаведнік царквы хрысціян-адвентыстаў Ягела прыгавораны да пазбаўлення волі па справе “Беларускага Гаюна”

Фота: тэлеграм-канал "Хрысціянская візія"

7 снежня, Позірк. 41-гадовы Аляксей Ягела прыгавораны да пазбаўлення волі Гомельскім абласным судом, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Мужчына прызнаны вінаватым паводле ч. 1 і 2. арт. 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Цяпер ён знаходзіцца ў гомельскім СІЗА №3.

Пра тэрмін зняволення не паведамляецца.

Аб прысудзе Ягелу па справе “Беларускага Гаюна” паведамлялася 30 лістапада. Адзначалася, што яму “прызначылі альбо пазбаўленне волі, альбо <…> абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ”.

Ягела з’яўляецца ўрачом паводле адукацыі, прапаведнікам гомельскай пратэстанцкай царквы Адвентыстаў сёмага дня, прапагандуе здаровы лад жыцця.

28 лістапада паведамлялася пра ўключэнне Ягелы ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

На 25 лістапада “Вясна” мела пацверджаную інфармацыю пра 124 узятых пад варту фігурантаў палітычна матываванай справы “Беларускага Гаюна” (маніторынг ваеннай актыўнасці ў Беларусі, у тым ліку расійскай арміі).

11 лістапада “Вясна” паведамляла пра 122 пацверджаных фігурантаў гэтай справы. 28 ліпеня праваабаронцы заяўлялі, што затрымана не менш за 33 чалавекі, 7 жніўня — 38, 18-га — 40, 27-га — 53, 7 верасня — 61, 29-га — 78, 13 кастрычніка — 88, 17 кастрычніка — 106, 28 кастрычніка — 111, 1 лістапада — 115.

Большасць фігурантаў гэтай справы мужчыны. У віну ставіцца арт. 3614 КК.

Праект “Беларускі Гаюн” быў створаны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

“Мы не ведаем, які аб’ём даных мог быць выпампаваны за той час, пакуль у іншага акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй”, — заяўляў тады заснавальнік праекта блогер Антон Матолька.

Ён папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. Некаторыя з іх эмігравалі.

У чэрвені Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці”.

Падзяліцца: