Мінск 02:04

Акцыя супраць уварвання ў Літву паветраных шароў прайшла ля амбасады Беларусі ў Вільнюсе

Фота: "Позірк"

7 снежня, Позірк. Акцыя супраць рэгулярнага парушэння паветранай прасторы Літвы аэрастатамі прайшла 7 снежня ля амбасады Беларусі ў Вільнюсе.

На пляцоўцы праз дарогу ад дыпламатычнага прадстаўніцтва сабралася некалькі дзясяткаў беларусаў, што жывуць у літоўскай сталіцы — з плакатамі, нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі Літвы і Еўрасаюза.

Непасрэдна перад амбасадай з’явіліся тры кардонныя скрыні, якія імітавалі кантрабандны груз з Беларусі, з прывязанымі да іх паветранымі шарамі. На шарах надпіс — “Забярыце, гэта ваша”.

Прэс-сакратар беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна, якая ўзяла ўдзел у акцыі, заявіла журналістам, што праблема з аэрастатамі не ў кантрабандзе, а ў тым, што “гэта рэальная пагроза для авіяцыі”, якую ствараюць рэжымы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

“Гэта толькі адзін з элементаў гібрыднай вайны супраць Літвы, супраць усёй Еўропы, — сказала яна. — Гэта вайна, якую Расія вядзе супраць Еўропы, гэта трэба разумець. Святлана Ціханоўская на кожнай сустрэчы, у кожным інтэрв’ю кажа пра Літву, пра гэтую сітуацыю, пра нашу пазіцыю”.

“Мы павінны вызваліць Беларусь, і тады ў Літвы будзе нармальны сусед, а сама Беларусь стане часткай будучай устойлівай сістэмы бяспекі ў нашым рэгіёне і ва ўсёй Еўропе. Мы маем быць разам, мы маем дзейнічаць скаардынавана перад тварам гэтай вайны”, — дадала Красуліна.

Фота: "Позірк"
Фота: "Позірк"
Фота: "Позірк"

Апошнія некалькі гадоў кантрабандысты пачалі актыўна выкарыстоўваць метэазонды для нелегальнай дастаўкі цыгарэт з Беларусі ў Літву. Аднак гэтай восенню выпадкі прылёту аэрастатаў сталі настолькі частымі і масавымі, што літоўскія ўлады западозрылі рэжым Лукашэнкі ў садзейнічанні гэтай незаконнай дзейнасці. Як і ў выпадку з міграцыйным крызісам, сітуацыю з наплывам паветраных шароў палічылі элементам “гібрыднай атакі”.

У сувязі з рэгулярнасцю, масавасцю і напрамкам руху аэрастатаў у мэтах бяспекі даводзіцца закрываць паветраную прастору над аэрапортам Вільнюса. Праз вымушана скасаваныя, затрыманыя або перанесеныя ў іншыя аэрапорты рэйсы пакутуе мноства пасажыраў.

Апошні раз аэрапорт Вільнюса закрываўся ўвечары 6 снежня.

5 снежня прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене паведаміла, што на наступным тыдні праз сітуацыю з паветранымі шарамі ў краіне будзе абвешчаны рэжым экстрэмальнай сітуацыі.

Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, што перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.

Пагранпераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.

Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перамовы з Вільнюсам па гэтым пытанні павінны весціся на палітычным узроўні, Літва (прынамсі публічна) спрабуе пазбегнуць гэтага. Такія кантакты, на думку ўладаў балтыйскай дзяржавы, будуць азначаць легітымацыю беларускага рэжыму.

Падзяліцца: