Ціханоўская заклікала ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі ў адказ на ўварванні ў Літву аэрастатаў з кантрабандай

7 снежня, Позірк. На чарговыя “гібрыдныя атакі” з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі неабходна адказаць “адзінствам, упэўненасцю і калектыўнымі дзеяннямі”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў спецыяльным звароце з нагоды правядзення ў Вільнюсе 7 снежня акцыі супраць рэгулярнага парушэння паветранай прасторы Літвы аэрастатамі.
“Мы падтрымліваем узмацненне ціску на рэжым і супольныя захады для спынення гэтага шантажу”, — сказала палітык.
“Мы бачым пастаянныя правакацыі на мяжы, захоп у закладнікі тысячы еўрапейскіх грузавікоў. Паветраныя шары, набітыя кантрабандай, перапраўляюцца ў Літву, авіярэйсы скасаваныя або перанакіраваныя. Яны ствараюць рэальную небяспеку для людзей і авіяцыі”, — адзначыла Ціханоўская.
Паводле яе слоў, рэжым Лукашэнкі разам з Расіяй “вядзе гібрыдную вайну супраць Еўропы і дэмакратыі”, “іх дзеянні пагражаюць не толькі беларусам, але і бяспецы ўсяго рэгіёну”.
“Наша мэта ясная. Беларусь павінна перастаць быць крыніцай пагроз. Яна павінна стаць мірным і надзейным партнёрам Еўрапейскага саюза. Беларусь разам з Літвой выступае супраць гэтых правакацый. Не гібрыдным нападам на Літву. Не рэжыму Лукашэнкі”, — заявіла дэмлідар.
Згаданая акцыя прайшла каля амбасады Беларусі ў Вільнюсе.
На пляцоўцы праз дарогу ад дыпламатычнага прадстаўніцтва сабралася некалькі дзясяткаў беларусаў, што жывуць у літоўскай сталіцы — з плакатамі, нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі Літвы і Еўрасаюза.
Непасрэдна перад амбасадай з’явіліся тры кардонныя скрыні, якія імітавалі кантрабандны груз з Беларусі, з прывязанымі да іх паветранымі шарамі. На шарах надпіс — “Забярыце, гэта ваша”.
Прэс-сакратар Ціханоўскай Ганна Красуліна, якая ўзяла ўдзел у акцыі, заявіла журналістам, што праблема з аэрастатамі не ў кантрабандзе, а ў тым, што “гэта рэальная пагроза для авіяцыі”, якую ствараюць рэжымы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
“Гэта толькі адзін з элементаў гібрыднай вайны супраць Літвы, супраць усёй Еўропы, — сказала яна. — Гэта вайна, якую Расія вядзе супраць Еўропы, гэта трэба разумець. Святлана Ціханоўская на кожнай сустрэчы, у кожным інтэрв’ю кажа пра Літву, пра гэтую сітуацыю, пра нашу пазіцыю”.
“Мы павінны вызваліць Беларусь, і тады ў Літвы будзе нармальны сусед, а сама Беларусь стане часткай будучай устойлівай сістэмы бяспекі ў нашым рэгіёне і ва ўсёй Еўропе. Мы маем быць разам, мы маем дзейнічаць скаардынавана перад тварам гэтай вайны”, — дадала Красуліна.
Апошнія некалькі гадоў кантрабандысты пачалі актыўна выкарыстоўваць метэазонды для нелегальнай дастаўкі цыгарэт з Беларусі ў Літву. Аднак гэтай восенню выпадкі прылёту аэрастатаў сталі настолькі частымі і масавымі, што літоўскія ўлады западозрылі рэжым Лукашэнкі ў садзейнічанні гэтай незаконнай дзейнасці. Як і ў выпадку з міграцыйным крызісам, сітуацыю з наплывам паветраных шароў палічылі элементам “гібрыднай атакі”.
У сувязі з рэгулярнасцю, масавасцю і напрамкам руху аэрастатаў у мэтах бяспекі даводзіцца закрываць паветраную прастору над аэрапортам Вільнюса. Праз вымушана скасаваныя, затрыманыя або перанесеныя ў іншыя аэрапорты рэйсы пакутуе мноства пасажыраў.
Апошні раз аэрапорт Вільнюса закрываўся ўвечары 6 снежня.
5 снежня прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене паведаміла, што на наступным тыдні праз сітуацыю з паветранымі шарамі ў краіне будзе абвешчаны рэжым экстрэмальнай сітуацыі.
Напрыканцы кастрычніка Вільнюс закрыў пункты пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі), дамагаючыся такім чынам рэакцыі Мінска на масавы прылёт з Беларусі паветраных шароў з кантрабандай, што перашкаджалі ў тым ліку грамадзянскай авіяцыі Літвы.
Пагранпераходы аднавілі працу 20 лістапада. За тры тыдні, пакуль яны былі закрытыя, рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У Беларусі захрасла каля 1,3 тыс. зарэгістраваных у Літве грузавікоў, якія не могуць выехаць з краіны нават пры адкрытай мяжы.
Пры гэтым Мінск настойвае, што далейшыя перамовы з Вільнюсам па гэтым пытанні павінны весціся на палітычным узроўні, Літва (прынамсі публічна) спрабуе пазбегнуць гэтага. Такія кантакты, на думку ўладаў балтыйскай дзяржавы, будуць азначаць легітымацыю беларускага рэжыму.

- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛітва восьмы дзень не фіксуе спробаў незаконнага пераходу на сваю тэрыторыю з БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 7 снежня 2025 года — 1 лютага 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская ў Інсбруку заклікала Еўропу інвеставаць ў беларускія незалежныя СМІ, праваабарончыя і культурніцкія ініцыятывы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


