Мінск 15:11

18-гадовы жыхар Магілёва абвінавачваецца ў “адмаўленні генацыду беларускага народа” — за каментарый у тэлеграм-чаце

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

8 снежня, Позірк. 18-гадовы жыхар Магілёва ўзяты пад варту за каментарый, які кваліфікаваны паводле арт. 1302 Крымінальнага кодэкса (адмаўленне генацыду беларускага народа), паведаміла 8 снежня прэс-служба Генеральнай пракуратуры са спасылкай на службу інфармацыі абласной пракуратуры.

Згодна з матэрыяламі справы, у верасні 2024 года малады чалавек “ад імя адміністратара” апублікаваў у агульнадаступным тэлеграм-чаце каментарый, у якім “адмаўляў агульнавядомыя гістарычныя факты, у прыватнасці, планамернае знішчэнне нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі насельніцтва БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны і само існаванне генеральнага плана “ОСТ” нацысцкай Германіі”.

Крымінальная справа знаходзіцца ў вытворчасці ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.

5 лістапада 2024 года стала вядома, што Мінскі гарадскі суд прыгаварыў жыхара Мінскага раёна, тынкоўшчыка Андрэя Савіцкага да 3 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 1302 і ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта). МУС заявіла, што гэта першы выпадак “прыцягнення да адказнасці” за “адмаўленне генацыду беларускага народа”. Відаць, пакуль гэта адзіны такі выпадак.

Справа была ўзбуджаная за публікацыі ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі і заявамі пра “недатычнасць да знішчэння людзей [у Хатыні] вайскоўцаў 118-га батальёна ахоўнай паліцыі і асаблівага батальёна СС Дзірлевангера”.

Пазней Савіцкі быў прызнаны палітвязнем.

У 2022 годзе Генеральная пракуратура паведаміла пра ўзбуджэнне справы паводле арт. 1302 КК у дачыненні да “групы невысветленых асоб”, якія на медыя-рэсурсах “Флагшток” і “Люстэрка” “распаўсюджвалі інфармацыю” пра “адмаўленне генацыду”.

Гэты ж крымінальны артыкул інкрымінаваны журналісту “Радыё Свабода”, літаратару Сяргею Дубаўцу, які жыве за мяжой, у дачыненні да якога ў студзені 2024 года была распачатая спецвытворчасць.

Тэму “генацыду беларускага народа” ўлады пачалі актыўна прасоўваць каля чатырох гадоў таму. У 2021 годзе быў прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа”. Пад беларускім народам у кантэксце дакумента “разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд” (да 31 снежня 1951 года).

17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змене Крымінальна-працэсуальнага кодэкса”, які дазваляе пераследваць памерлых у крымінальным парадку.

За “адмаўленне генацыду беларускага народа” арт. 1302 КК прадугледжвае адказнасць у выглядзе 5 гадоў зняволення, за паўторнае парушэнне закона — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Незалежныя гісторыкі і эксперты лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму для дыскрэдытацыі апанентаў. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць змест кнігі “Генацыд беларускага народа”, якая выйшла пад рэдакцыяй генеральнага пракурора Андрэя Шведа. У ёй сцвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года з’яўляюцца спробай дзяржаўнага перавароту з выкарыстаннем нацысцкай ідэалогіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўнаваны антысавецкі супраціў у першыя пасляваенныя гады.

Падзяліцца: