Мінск 13:12

МНС рэгламентавала працэс расследавання радыяцыйных аварый, але не на вайсковых аб’ектах

Ілюстрацыйнае фота: Аляксандра Бардаш / unsplash.com

9 снежня, Позірк. Інструкцыя аб “парадку расследавання абставінаў і прычын, якія выклікалі радыяцыйныя аварыі і інцыдэнты”, зацверджаная пастановай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях № 52 ад 30 верасня.

Тэкст дакумента, апублікаванага 9 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, пачынаецца з агаворкі, на якія выпадкі не распаўсюджваецца дзеянне гэтай інструкцыі.

Так, рэгламент не дзейнічае, калі гаворка пра радыяцыйныя аварыі ды інцыдэнты, што звязаныя з крыніцамі іянізавальнага выпраменьвання (КІВ), якія “не трапляюць пад улік у адзінай дзяржаўнай сістэме ўліку і кантролю КІВ”; тымі, што “выкарыстоўваюцца ў мэтах абароны, абыходжанне з якімі не з’яўляецца відам дзейнасці ў галіне выкарыстання КІВ і не трапляе пад ліцэнзаванне”; тымі, што “знаходзяцца на аб’ектах, якія належаць Узброеным сілам Рэспублікі Беларусь і транспартным войскам”.

Акрамя таго, згодна з дакументам, расследаванне абставін і прычын, якія выклікалі “радыяцыйную аварыю, што з’яўляецца надзвычайнай сітуацыяй”, вядзецца ў адпаведнасці з “заканадаўствам у галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару”; а “радыяцыйныя аварыю або інцыдэнт, якія адбыліся пры перавозцы небяспечных грузаў”, — у адпаведнасці з “заканадаўствам аб перавозцы небяспечных грузаў”.

У астатніх выпадках Дэпартаменту па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) пры расследаванні належыць прааналізаваць стан радыяцыйнай бяспекі карыстальніка КІВ або яго адасобленага падраздзялення “да ўзнікнення радыяцыйнага інцыдэнту”; вывучыць храналогію падзей, якія папярэднічалі яго ўзнікненню; прааналізаваць абставіны і прычыны, што выклікалі інцыдэнт; падрыхтаваць прапановы па выпраўленні прычын інцыдэнту і прадухіленні іх узнікнення ў далейшым.

Пры гэтым Дзяржатамнагляд мае права прыцягваць экспертныя арганізацыі і спецыялістаў навукова-даследчых і праектна-канструктарскіх арганізацый для правядзення “дадатковых даследаванняў”, атэставаных кансультантаў у галіне забеспячэння радыяцыйнай бяспекі, юрыдычных асоб, якія аказваюць навукова-тэхнічную падтрымку ў галіне забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі.

Ядзерны рэгулятар таксама можа “запытваць у карыстальніка КІВ, арганізацый, якія выконвалі працы і (або) аказвалі карыстачу КІВ паслугі, што маглі ўчыніць уплыў на радыяцыйную бяспеку; арганізацыі, на тэрыторыі (на аб’екце) якой адбыўся радыяцыйны інцыдэнт, неабходную для правядзення расследавання праектную, тэхнічную, эксплуатацыйную і арганізацыйна-распарадчую дакументацыю, а таксама вынікі ацэнкі прычын узнікнення радыяцыйнага інцыдэнту”.

На расследаванне адведзена 10 працоўных дзён ад моманту атрымання інфармацыі пра інцыдэнт. Калі неабходная дадатковая інфармацыя, тэрмін можа быць падоўжаны да 20 працоўных дзён.

Па выніках расследавання Дзяржатамнагляд “накіроўвае прапановы па выпраўленні прычын узнікнення радыяцыйнага інцыдэнту і прадухіленні іх узнікнення ў далейшым” карыстальніку КІВ і згаданым арганізацыям ды інш.

Варта адзначыць, што прадугледжаныя дакументам агаворкі могуць быць звязаныя з тактычнай ядзернай зброяй (ТЯЗ), якая, паводле сцвярджэння Мінска і Масквы, дастаўленая ў Беларусь з Расіі. ТЯЗ, як і любая іншая ядзерная зброя, лічыцца крыніцай іянізавальнага выпраменьвання.

Падзяліцца: