Мінск 15:43

Беларусі “не стане лягчэй” пры дасягненні міру ва Украіне, лічыць Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

9 снежня, Позірк. Нават у выпадку дасягнення міру паміж Украінай і Расіяй для Беларусі мала што зменіцца ў лепшы бок, такой думкі прытрымліваецца Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па яго заявах 9 снежня на пасяджэнні Савета бяспекі.

“Вы бачыце, якія сілы спрабуюць тарпедаваць, нават амерыканскія прапановы спрабуюць тарпедаваць па мірнай дамове з Украінай, — цытуюць спікера дзяржСМІ. — Я да таго, што калі нават атрымаецца ўсталяваць мір сёння ці заўтра ва Украіне, нам ад гэтага лягчэй не стане. Нас будуць душыць і надалей”.

Пры гэтым, паводле яго слоў, сітуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы “больш-менш стабілізавалася, хоць там праблем вышэй за дах”.

Лукашэнка, спаслаўшыся на інфармацыю ад старшыні Дзяржпамежкамітэта, заявіў, што існуе “шмат пытанняў, якія трэба будзе вырашаць у мабілізацыйным парадку і выбудоўваць мяжу, якая кінутая з боку Украіны, і будаваць заставы, і ўзбройваць пагранічнікаў”.

Беларусі, як перадаюць словы палітыка дзяржСМІ, даводзіцца выстаўляць Узброеныя сілы другой лініяй за пагранічнікамі: “Вядома, гэта адцягвае не толькі нашу ўвагу, але гэта адцягвае пэўныя сродкі”.

Пры гэтым Лукашэнка не прамінуў выказаць камплімент на адрас прэзідэнта ЗША ў справе спынення вайны. “Як бы тут ні спрабавалі прынізіць ролю [Дональда] Трампа, ён малайчына ў гэтым плане. Учорашнія яго заявы міма народа не пройдуць. Ён хоча спыніць вайну, як ён кажа, для таго, каб не гінулі людзі. Можна вакол гэтага куралесіць і казаць што заўгодна. Але што скажаш супраць таго, што робяць сёння амерыканцы?” — заявіў ён.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю 24 лютага 2022 года агрэсіі супраць Украіны. Акрамя таго, Лукашэнка выстаўляецца “пасрэднікам” паміж Масквой і Вашынгтонам па пытанні ўрэгулявання канфлікту, перыядычна лісліва выказваецца пра Трампа.

Адначасова праходзяць працэсы паслаблення санкцыйнага рэжыму ЗША ў дачыненні да Беларусі ў абмен на паступовае вызваленне беларускіх палітвязняў.

Падзяліцца: