Мінск 23:20

Ціханоўская на ўручэнні Нобелеўскай прэміі міру: Супраціў дыктатуры — агульная, глабальная задача

Фота: акаўнт Святланы Ціханоўскай у Х

10 снежня, Позірк. Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру 10 снежня ў Осла (Нарвегія). Яна была запрошаная лаўрэатам прэміі за 2025 год Марыяй Карынай Мачада (Венесуэла), паведаміла прэс-служба дэмлідара.

“Я сёння ў Осла, на цырымоніі Нобелеўскай прэміі, якую атрымлівае Марыя Карына Мачада. Марыя Карына смела і ўпарта змагаецца з тыраніяй у Венесуэле і як ніхто іншы заслугоўвае гэтай узнагароды”, — адзначыла палітык.

Ціханоўская падкрэсліла, што барацьба Мачада важная не толькі для Венесуэлы, “яна нагадвае нам усім: супраціў дыктатуры — гэта агульная, глабальная задача”.

Людзі ў Беларусі праходзяць той самы шлях — праз рэпрэсіі, страх і гвалт, сказала дэмлідар.

“І сёння мы згадваем Алеся Бяляцкага, нашага нобелеўскага лаўрэата, які застаецца ў зняволенні. Мы працягваем змагацца за яго і за ўсіх беларускіх палітвязняў”, — падкрэсліла Ціханоўская, на тэчцы якой была размешчана выява Бяляцкага.

Яна выказала ўпэўненнасць, што “праўда пераможа”, “і Беларусь, і Венесуэла будуць свабодныя”.

У дзень абвяшчэння імя лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 10 кастрычніка Ціханоўская адрасавала Мачада віншаванні.

“Ваша мужнасць, непахісная адданасць каштоўнасцям свабоды і самаахвярнасць у барацьбе за дэмакратыю натхняюць мільёны людзей па ўсім свеце. Гэтая ўзнагарода — прызнанне нязломнага духу і веры ў сілу венесуэльскага народа. Я захапляюся нашым сяброўствам і шаную яго. Разам мы пераадолеем усё!” — адзначыла дэмлідар.

Прэс-служба Ціханоўскай тады заявіла, што палітык “падтрымлівала сувязь з Марыяй Карынай Мачада на працягу апошняга года”, яны “стэлефаноўваліся, перапісваліся, а таксама выступалі на сумесных мерапрыемствах”.

У 2022 годзе Нобелеўская прэмія міру была прысуджаная заснавальніку і кіраўніку беларускага праваабарончага цэнтра “Вясна”, палітвязню Алесю Бяляцкаму, расійскай арганізацыі “Мемарыял” і ўкраінскаму Цэнтру грамадзянскіх свабод.

Бяляцкі, яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч 3 сакавіка 2023 года былі асуджаныя ў рамках палітычна матываванай справы на 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.

Сёлета 30 студзеня стала вядома, што на Нобелеўскую прэмію міру намінаваны беларускі палітык, палітвязень Мікалай Статкевіч. Адпаведная прапанова была зробленая дэпутатам Еўрапейскага парламента ад Літвы Пятрасам Аўштравічусам.

У 2021 і 2022 гадах на Нобелеўскую прэмію міру была намінаваная Ціханоўская.

Падзяліцца: