Мінск 02:19

Для шматдзетных сем’яў адкрыта больш за 150 тыс. дэпазітных рахункаў “Сямейны капітал” — Мінпрацы

10 снежня, Позірк. На 1 снежня 2025 года для шматдзетных сем’яў было адкрыта 150.598 дэпазітных рахункаў “Сямейны капітал“, паведаміла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Адкрыта 82,6 тыс. валютных дэпазітных рахункаў на 826 млн долараў ЗША і 67,9 тыс. дэпазітных рахункаў на 1,81 млрд рублёў.

На датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу пададзена 100.987 заяў, з іх для паляпшэння жыллёвых умоў — 80.990, на атрыманне медыцынскіх паслуг — 10.986, адукацыі — 9.004, набыццё тавараў для інвалідаў — 7.

Сямейны капітал прызначаецца шматдзетным сем’ям пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступнага дзіцяці.

Па стане на 1 кастрычніка 2025 года было прынята больш за 96 тыс. рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сямейным капіталам, адкрыта 149.250 дэпазітных рахункаў “Сямейны капітал“: 82,6 тыс. дэпазітных рахункаў на 826 млн долараў ЗША і 66,6 тыс. рахункаў на 1,76 млрд рублёў.

На датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу было пададзена 99.573 заявы, пра што паведаміла 13 кастрычніка на прэс-канферэнцыі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Юлія Берднікава.

Праграма сямейнага капіталу для сем’яў з трыма і больш дзецьмі працуе з 2015 года. З 2020 года з’явілася магчымасць выкарыстоўваць сродкі датэрмінова.

На 2025 год памер сямейнага капіталу складае 33.275 рублёў. У параўнанні з 2024 годам ён павялічыўся на 5,7% (+1.795 рублёў) пры росце спажывецкіх коштаў за мінулы год на 5,16%.

Тэрмін дзеяння праграмы падоўжаны да канца 2029 года.

Падзяліцца: