Мінск 12:26

У Магілёўскай вобласці два гады хаваўся падзёж жывёлы, распачатая крымінальная справа

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінсельгасхарча

11 снежня, Позірк. Факты фальсіфікацыі ў адным з сельгаспрадпрыемстваў Клічаўскага раёна выявілі супрацоўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Бабруйска, паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Сцвярджаецца, што “службовая асоба комплексу па вырошчванні і адкорме маладняку ​​буйной рагатай жывёлы давала незаконныя ўказанні падначаленым, каб пазбегнуць адказнасці і схаваць падзёж пагалоўя з прычыны неналежнага догляду”.

Ведамства заявіла, што “загадзя ілжывыя звесткі” ўносіліся ў справаздачную дакументацыю на працягу двух гадоў. Нанесеная прадпрыемству шкода склала больш як 10 тыс. рублёў.

У дачыненні да мужчыны распачатая крымінальная справа за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

24 кастрычніка на нарадзе пра меры па забеспячэнні ўстойлівага развіцця Віцебскай вобласці і сітуацыі з падзяжом у краіне буйной рагатай жывёлы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “самае галоўнае — нельга працу ў жывёлагадоўлі ператвараць у крымінальную дзейнасць”. “За памылкі мае быць найстражэйшае персанальнае патрабаванне. Пакуль, як бы мяне ні спрабавалі пераканаць у адваротным, бачу, што негатыўную тэндэнцыю вы не пераламалі. Галоўнае, вы не маеце элементарнага — дысцыпліны”, — назваў традыцыйную для яго прычыну палітык.

Тэму падзяжу Лукашэнка лічыць адной з самых набалелых у сельскай гаспадарцы. Паводле яго слоў, негатыўныя тэндэнцыі зафіксаваныя ў 51 раёне краіны (у 13 з іх падзёж павялічыўся ў 1,5 раза і больш).

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы (БРЖ; каровы, быкі ды інш.) на канец кастрычніка 2025 года склала ў Беларусі 3.915.838 галоў — на 2,6% менш, чым было годам раней (4.018.755), вынікае з праведзенага “Позірк” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Адмоўная дынаміка зафіксаваная ва ўсіх абласцях: у Віцебскай — 453.506 (488.795; -7,2%), Магілёўскай — 462.482 (492.503; -6,1%), Гомельскай — 570.492 (593.476; -3,9%), Мінскай — 900.634 (909.052; -0,9%), Брэсцкай — 848.961 (853.449; -0,5%), Гродзенскай — 679.763 (681.480; -0,3%).

У цэлым па краіне колькасць кароў скарацілася да 1.364.211 (1.382.444; -1,3%).

Падзяліцца: