Мінск 00:05

Рыжычэнка: Залежнасць Беларусі ад Расіі набыла татальны характар

12 снежня, Позірк. Залежнасць Беларусі ад Расіі набыла татальны характар, “які ахоплівае і энергетычную сферу, і знешні гандаль, і фінансавыя інстытуты, і інвестыцыйную дзейнасць”, заявіла прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінета (АПК) па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка на канферэнцыі “Беларусь у цені “русскага свету”: выклікі і адказ грамадзянскай супольнасці” у Варшаве 12 снежня.

Паводле яе словаў, гаворка сярод іншага пра залежнасць у знешнім гандлі: каля 70% беларускага экспарту сёння ідзе ў РФ, яшчэ каля 25% экспарту — у трэція краіны, і ў гэтых пастаўках Беларусь “так ці інакш лагістычна залежыць ад Расіі”.

“Гэта значыць у цэлым мы можам казаць, што да 90% экспарту залежыць ад Расіі — або наўпрост, або ўскосна, праз лагістыку, бо менавіта Расія вызначае, якія аб’ёмы будуць ісці праз расійскія парты, праз чыгунку, якія тарыфы будуць устаноўлены для беларускіх тавараў”, — адзначыла Рыжычэнка.

Вядома як мінімум пра 287 дзяржаўных прадпрыемстваў, якія былі пераарыентаваныя на выкананне абаронных заказаў для РФ. З улікам прыватных кампаній унутры Беларусі “каля 500 кампаній <…> задзейнічана ў ваенна-прамысловым комплексе Беларусі і Расіі”.

Пасля трапляння пад санкцыі фінансавага сектара і адключэння ад сістэмы SWIFT чатырох дзяржаўных банкаў яны былі інтэграваныя ў расійскую плацежную сістэму, нагадала спікер.

“Расійскі рубель таксама ўплывае на беларускую нацыянальную валюту — беларускі рубель, які залежыць ад валютнага кошыка, дзе палова — гэта расійскі рубель. Акрамя таго, праз цесныя ўзаемасувязі ў знешнім гандлі з Расіяй любыя змены ў расійскай эканоміцы ўплываюць на беларускі рубель”, — адзначыла Рыжычэнка.

Яна таксама звярнула ўвагу на прырост расійскіх інвестыцый у Беларусі: “Раней (спікер не абазначыла перыяд. — “Позірк”.) іх доля складала крыху менш за 45% у агульным аб’ёме замежных інвестыцый, на сёння — каля 70%.

“Фактычна Расія з’яўляецца адзінай крыніцай фінансавання для Беларусі”, — лічыць прадстаўніца АПК.

Паводле яе інфармацыі, на сёння дзяржаўны доўг Беларусі перад Расіяй складае каля 8 млрд долараў. Пры гэтым у пачатку 2025 года РФ надала адтэрміноўку выплат на сем гадоў.

Разважаючы на тэму заходніх санкцый, спікер адзначыла: “Мы бачым, як паводзіць сябе [Аляксандр] Лукашэнка з Літвой, як яму важна адкрыць Клайпедскі порт, таму што ён зараз знаходзіцца ў пошуку альтэрнатывы залежнасці ад Расіі. І сёння важна захоўваць ціск, але [ён] павінен быць перагледжаны і накіраваны выключна на ваенна-прамысловы комплекс. Трэба пазбягаць санкцыйнага ціску на крытычна важныя тавары, якія ставяць пад удар беларускае грамадства”.

“Калі мы кажам пра ціск і “рускі свет” з боку Расіі, мы павінны супрацьдзейнічаць у роўнай ступені”, — канстатавала спікер, маючы на ўвазе структуры ЕС і падтрымку з яго боку беларускай грамадзянскай супольнасці і дыяспары.

У выпадку дэмакратычных пераменаў у Беларусі перабудаваць яе эканоміку і сысці ад залежнасці ад РФ будзе магчыма “за шэсць–восем гадоў”, лічыць прадстаўніца АПК.

Падзяліцца: