Мінск 16:02

ФРГ адмовіла 54-гадовай беларусцы ў прытулку праз тое, што сітуацыя ў Беларусі для яе “не з’яўляецца дастаткова небяспечнай” — DW

Ілюстрацыйнае фота: prometheus / unsplash.com

13 снежня, Позірк. Федэральнае ведамства па справах міграцыі і ўцекачоў Германіі (BAMF) адмовіла 54-гадовай грамадзянцы Беларусі ў наданні прытулку, паведамляе Deutsche Welle (DW).

Паводле інфармацыі медыя, жанчына некалькі гадоў працавала карэспандэнтам на дзяржаўным тэлеканале ОНТ, адкуль яе звольнілі ў 2011 годзе, як яна сцвярджае, “праз канфлікт з кіраўніцтвам наконт рэдакцыйнай палітыкі”.

У Германію беларуска пераехала ў 2017 годзе. У 2020-м яна “ўключылася ў апазіцыйную дзейнасць”, стварыла і адмініструе дыяспаральную групу ў “Фэйсбуку”, кантэнт якой у Беларусі прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

Жанчына перакананая, што ў Беларусі ёй пагражае пераслед праз “актыўнасць у Германіі”, адміністраванне згаданай групы. Паводле яе слоў, у 2021 годзе міліцыя прыходзіла з вобшукам да яе былога мужа — пыталіся пра яе. Акрамя таго, як сцвярджае беларуска, невядомыя дасылалі ёй паведамленні пра тое, што яна “ў полі зроку”.

Згодна з рашэннем BAMF, копію якога мае DW, жанчына не змагла “пераканаўча даказаць”, што яе асцярогі пераследу абгрунтаваныя, доказы палічаныя недастатковымі.

“Нават патэнцыйнае расследаванне або судовае разбіральніцтва ў Беларусі не абавязкова азначаюць канчатковы вынік. Іншымі словамі, рашэнне, якое непасрэдна вядзе, напрыклад, да турэмнага зняволення, не гарантаванае. <…> Малаверагодна, што беларускія ўлады зацікаўленыя ў пераследзе заяўніцы, не асабліва схільнай да небяспекі”, — адзначана ў дакуменце.

Для ведамства не відавочна, што Мінск “можа быць сур’ёзна зацікаўлены ў пераследзе заяўніцы”, у тым ліку ў святле таго, што “вядучы апазіцыйны дзеяч Беларусі, Сяргей Ціханоўскі, быў вызвалены ў чэрвені 2025 года разам з іншымі палітзняволенымі”.

На думку BAMF, паколькі ў Беларусі жанчыне не пагражае “смяротнае пакаранне, катаванні або бесчалавечнае абыходжанне” і ў цэлым “у краіне няма ўзброенага канфлікту”, то “падстаў для надання дадатковай абароны таксама няма”.

Падзяліцца: