Мінск 06:37

Лукашэнка жадае сумесных праектаў з Бахрэйнам

Манама, Бахрэйн
Ілюстрацыйнае фота: Todd Gardner / unsplash.com

16 снежня, Позірк. Беларусь “высока цэніць дружалюбныя стасункі” з Бахрэйнам, заснаваныя на “прынцыпах даверу і ўзаемнай павагі”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 16 снежня бахрэйнскага караля Хамада бен Ісу аль-Халіфу, спадчыннага прынца — прэм’ер-міністра, намесніка вярхоўнага галоўнакамандуючага Сальмана бен Хамада аль-Халіфу і народ краіны з Нацыянальным днём.

Віншавальнік, тэкст паслання якога апублікавала яго прэс-служба, запэўніў манарха, што ў Беларусі гатовыя “напаўняць практычным зместам і рэалізоўваць сумесныя праекты, скіраваныя на гарантаванне харчовай бяспекі і садзейнічанне ўстойліваму прагрэсу абедзвюх дзяржаў”.

Віншуючы спадчынніка бахрэйнскага пасаду, Лукашэнка адзначыў, што Мінск разглядае Манаму як важнага партнёра ў Персідскім заліве.

“Перакананы, што далейшае пашырэнне двухбаковай супрацы і рэалізацыя сумесных праектаў у сферах прамысловасці, інвестыцый, навукі і тэхналогій будуць садзейнічаць умацаванню сувязей паміж нашымі народамі”, — падкрэсліў ён.

Год таму Лукашэнка заяўляў, што Беларусь зацікаўленая ў пашырэнні сувязяў з Бахрэйнам і “больш поўнай рэалізацыі ўсіх магчымасцей супрацы”.

Дыпламатычныя стасункі паміж краінамі ўсталяваныя 1 ліпеня 1996 года.

Міністэрства замежных спраў Беларусі канстатавала, што гандлёва-эканамічная супраца паміж Беларуссю і Бахрэйнам “не мае актыўнага характару”. Па выніках 2021 года беларускі экспарт тавараў склаў 300 тыс. долараў, пра бахрэйнскія пастаўкі не паведамлялася.

5 кастрычніка 2025 года амбасадар Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Бахрэйне (па сумяшчальніцтве) Ігар Белы “ў фармаце відэаканферэнцыі” ўручыў копіі даверчых грамат бахрэйнскаму міністру замежных спраў Абдулаціфу бін Рашыду аль-Заяні.

На сайце амбасады Беларусі ў ААЭ паведамлялася, што бакі “адзначылі высокі ўзровень узаемаразумення паміж дзвюма краінамі, падкрэслілі наяўнасць значнага патэнцыялу для развіцця супрацы ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай і гуманітарнай сферах, намецілі шляхі актывізацыі кантактаў паміж дзелавымі коламі Беларусі і Бахрэйна”, а таксама пашырэння дагаворна-прававой базы двухбаковых стасункаў.

Белы і бін Рашыд аль-Заяні таксама “пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у паглыбленні палітычнага дыялогу і рэалізацыі канкрэтных сумесных праектаў, якія прадстаўляюць узаемны інтарэс”.

Падзяліцца: