Мінск 17:43

Нацбанк не выключае зніжэння стаўкі рэфінансавання ў 2026 годзе

Архіўнае фота: soyuz.by

16 снежня, Позірк. Калі інфляцыя па факце будзе запавольвацца хутчэй, чым вызначана ў прагнозе на 2026 год (7%), то Нацыянальны банк “не выключае дзеянняў па зніжэнні стаўкі рэфінансавання і, адпаведна, працэнтных ставак па крэдытах і дэпазітах”, заявіў на брыфінгу 16 снежня кіраўнік рэгулятара Раман Галоўчанка.

Старшыня праўлення Нацбанка, словы якога прыводзіць прэс-служба органа, падкрэсліў, што “ўсё будзе залежаць ад рэальнай сітуацыі”.

“Для захавання цэнавай стабільнасці мы будзем, вядома ж, кантраляваць рост грашовай прапановы, — адзначыў ён. — З боку Нацыянальнага банка будуць задзейнічаныя ўсе інструменты, якія маюцца ў распараджэнні”.

Паводле слоў Галоўчанкі, грашовая прапанова мае фармавацца на ўзроўні, які “забяспечвае як устойлівую нізкую інфляцыю, так і задавальненне плацежаздольнага попыту эканомікі на грошы”.

Рэгулятар мяркуе, што грашовая маса ў 2026 годзе павялічыцца на 10–12%. Нацбанк не плануе значных змяненняў у працэнтнай палітыцы, працэнтныя стаўкі плануецца захаваць “блізка да наяўных узроўняў”.

Нацбанк 25 ​​чэрвеня падвысіў стаўку рэфінансавання з 9,5% да 9,75% гадавых. Гэтае рашэнне старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Анатоль Харытончык назваў “эканамічна абгрунтаванай, але моцна запозненай мерай”.

У 2023 годзе рэгулятар пастаянна паніжаў стаўку рэфінансавання: 23 студзеня — з 12% да 11,5%, 1 сакавіка — да 11%, 3 красавіка — да 10,5%, 2 траўня — да 10%, 31 траўня — да 9,75%, 28 чэрвеня — да 9,5%.

Апошні раз да чэрвеня 2025 года стаўка падвышалася 1 сакавіка 2022 года — з 9,25% да 12%.

Сума наяўных грошай у абароце (агрэгат М0) на 1 снежня 2025 года склала 14,09 млрд рублёў, павялічыўшыся ад пачатку года на 2 млрд 8,4 млн (на 1 студзеня — 11 млрд 856,3 млн; +18,8%), паказаў праведзены “Позіркам” аналіз даных рэгулятара.

Пераводныя дэпазіты ад пачатку года сталі большыя на 1% — з 17 млрд 519 млн да 18 млрд 870,6 млн.

Наяўныя грошы ў абароце і пераводныя дэпазіты ў нацыянальнай валюце (М1) павялічыліся на 12,2% — з 29 млрд 375,3 млн да 32 млрд 960,6 млн.

Грашовая маса ў нацыянальным вызначэнні (М2) павялічылася з 52 млрд 222,1 млн да 60 млрд 543,5 млн (+15,9%), рублёвая грашовая маса (М2*) — з 53 млрд 991,5 млн да 63 млрд 352 млн (+17,3%), шырокая грашовая маса (М3) — з 88 млрд 750,4 млн да 97 млрд 999,7 млн ​​(+10,4%).

За 2024 агрэгат М0 вырас на 25,1% (за 2023-ы — на 37,44%), М1 — на 19,9% (+33,85%), М2 — на 34,28% (+29,8%), М2* — на 28,6% (+34,73%), М3 — на 17,3% (+23,56%).

Падзяліцца: