Дачка Пачобута: Праўда і годнасць усё яшчэ маюць значэнне
17 снежня, Позірк. “Адсутнасць бацькі — гэта тое, з чым мы навучыліся жыць, але ніколі не прымем. Мы не выбіралі гэты шлях, але мы выбралі штодзённую веру ў бацьку і ў тое, што праўда і годнасць усё яшчэ маюць значэнне”, — заявіла Яна Пачобут — дачка палітвязня, журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута на цырымоніі ўручэння ёй прысуджанай бацьку прэміі Сахарава, якая адбылася 16 снежня ў Еўрапейскім парламенце (ЕП).
“Ваша прызнанне не можа змяніць мінулае, але яно можа даць нам нешта сапраўды каштоўнае на будучыню. Мы верым, што справядлівасць і гуманнасць усё яшчэ існуюць у гэтым свеце”, — дадала яна, звяртаючыся да членаў ЕП.
Нагадаўшы пра выпадак палітвязня Мікалая Статкевіча, які знік у верасні 2025 года пасля адмовы пакідаць Беларусь, а сям’я нічога не ведае пра ягоны лёс, яна дадала: “Калі мы вымаўляем іх імёны ўслых, яны перастаюць быць статыстыкай. Яны зноў становяцца рэальнымі. І менавіта таму ваша ўвага, увага Еўрапейскага парламента, такая важная. Яна захоўвае чалавечую годнасць там, дзе ўсё астатняе спрабуе яе сцерці”.
Прэзідэнт Еўрапарламента Раберта Метсола, паводле яе слоў, ганарыцца тым, што ўручае прэмію гэтага года журналістам Анджэю Пачобуту і Мзіі Амаглабелі “на знак прызнання іх мужнай барацьбы за свабоду слова і дэмакратычную будучыню Беларусі і Грузіі”: “Еўрапарламент салідарны з Мзіяй і Анджэем і заклікае да іх неадкладнага вызвалення з турмы, бо гаварыць праўду маючым уладу ніколі не павінна быць злачынствам”.
Пра тое, што прысуджаная беларускаму палітвязню, журналісту Анджэю Пачобуту прэмія “За свабоду думкі” імя Сахарава будзе ўручана ў Еўрапарламенце 16 снежня яго дачцэ Яне Пачобут, прэс-служба ЕП паведаміла 27 лістапада.
Пра яе прысуджэнне Пачобуту і асуджанай у Грузіі журналістцы Мзіі Амаглабелі Метсола паведаміла на пленарнай сесіі ЕП 22 кастрычніка.
Амаглабелі, якая знаходзіцца ў зняволенні, таксама не змагла прысутнічаць на цырымоніі ўзнагароджання. Яе прадстаўляла журналістка Gazeti Batumelebi Ірма Дзімітрадзэ.
Пачобут быў вылучаны на прэмію Еўрапейскай народнай партыяй і кааліцыяй Еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў. У паведамленні ЕП пра гэта ён названы “журналістам, публіцыстам і блогерам з польскай меншасці ў Беларусі, вядомым сваёй крытыкай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і які стаў знакавай фігурай у барацьбе за свабоду і дэмакратыю ў краіне”.
8 лютага 2023 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў журналіста і актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) Крымінальнага кодэкса.
Пасля рашэння суда, 10 лютага 2023 года, Польшча закрыла адзін з двух даступных на той момант для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца), які аднавіў працу 17 лістапада гэтага года.
Прэмія “За свабоду думкі” імя Сахарава, якую Еўрапейскі парламент уручае з 1988 года, прысуджаецца асобам і арганізацыям, што ўнеслі выключны ўклад у барацьбу за свабоду думкі і правы чалавека па ўсім свеце.
У 2004 годзе гэтай прэміяй была ўганаравана Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006-м — экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, цяперашні дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях рэалізацыі еўрапейскага выбару, канцлер Свабоднага беларускага ўніверсітэта Аляксандр Мілінкевіч, у 2020-м — дэмакратычныя сілы Беларусі.
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ Беларусі няма дэфіцыту кадраў у сферы турызму, сцвярджаюць чыноўнікіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка, ЭканомікаЗа студзень — кастрычнік экспарт турпаслуг павялічыўся на 144% — МінспортуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка



