Мінск 09:55

Замежныя крэдыты забаронена выкарыстоўваць як крыніцу набыцця асноўных сродкаў банкаў — указ

17 снежня, Позірк. Замежныя крэдыты выключаюцца са складу крыніц набыцця (мадэрнізацыі) асноўных сродкаў банкаў — такое палажэнне змяшчаецца ва ўказе № 435 “Аб рэгуляванні дзейнасці банкаў”. Аляксандр Лукашэнка падпісаў дакумент 16 снежня, паведамляе яго прэс-служба. Тэкст дакумента таксама апублікаваны на яго афіцыйным сайце.

У склад такіх крыніц уключаюцца фонды, што фарміруюцца за кошт прыбытку, які застаецца ў распараджэнні банкаў пасля выплаты падаткаў, збораў (пошлін), а таксама іншых абавязковых плацяжоў у рэспубліканскі і мясцовы бюджэты.

Дакументам таксама ўстанаўліваецца, што стварэнне і выкарыстанне банкамі фондаў, што ўтвараюцца за кошт прыбытку, ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным Нацыянальным банкам.

З прыняццем дакумента прызнаецца, што ўказ ад 15 траўня 2008 года № 271 “Аб некаторых пытаннях рэгулявання дзейнасці банкаў” скончыў дзеянне.

Напярэдадні Лукашэнка падпісаў указ № 432, згодна з якім права ажыццяўляць мікрафінансавую дзейнасць атрымалі аператары сотавай сувязі.

Гаворка ідзе аб наданні спажывецкіх мікрапазыкаў у безнаяўным парадку без закладу ў суме, якая не перавышае 200 базавых велічынь на аднаго пазычальніка на дзень заключэння дамовы (цяпер — 8.400 рублёў).

З прыняццем указа да мікрафінансавай дзейнасці будзе адносіцца прадстаўленне грашовых сродкаў па адным або некалькіх дамовах мікрапазыкі.

Падзяліцца: