Мінск 09:55

Пракуратура накіравала ў суд справу мужчыны, які забіў знаёмага — нанёс яму больш за 30 удараў і падпаліў

17 снежня, Позірк. Пракуратура Віцебскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 43-гадовага мясцовага жыхара, якому інкрымінуецца забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю (п. 6 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса), паведамляе прэс-служба нагляднага ведамства.

Згодна з матэрыяламі справы, нецвярозы мужчына ў ліпені 2025 года запрасіў да сябе ў дом знаёмага, з якім сумесна ўжываў спіртныя напоі. Яны пасварыліся, і абвінавачаны “нанёс госцю 31 удар рукамі, нагамі і неўстаноўленымі прадметамі па розных частках цела, у тым ліку ў вобласці размяшчэння жыццёва важных органаў”.

Пасля гэтага абвінавачаны абліў мужчыну бензінам з дамешкам мінеральнага алею і падпаліў яго.

У выніку “шматлікіх цялесных пашкоджанняў і тэрмічных апёкаў галавы, твару, шыі, грудной клеткі і рук смерць пацярпелага наступіла на месцы здарэння”.

Пасля вывучэння матэрыялаў крымінальнай справы ў пракуратуры Віцебскай вобласці прыйшлі да высновы пра абгрунтаванасць абвінавачання і аб’ектыўнае даследаванне абставін злачынства і пагадзіліся з кваліфікацыяй учыненага па ўказаным пункце артыкула КК.

Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці ўпраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці.

Раней абраную ў дачыненні да абвінавачанага меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту пракурор пакінуў без змен.

Паводле даных Вярхоўнага суда, па выніках судовых разглядаў у 2024 годзе асуджана 31.410 чалавек (годам раней — 33.777, у 2022-м — 36.356).

За злачынствы супраць жыцця і здароўя асуджана 1.974 чалавекі (2.261 годам раней), з іх 174 — за забойства (арт. 139 КК; у 2023-м — 237), 519 — за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 147; 553), 344 — менш цяжкага (арт. 149; 392), 328 — лёгкага (арт. 153; 400).

Падзяліцца: