Мінск 10:11

Выезд вызваленых з Украіны ў ЕС плануецца ў найбліжэйшыя дні — каманда Бабарыкі

17 снежня, Позірк. “Выезд вызваленых з Украіны ў ЕС плануецца ў найбліжэйшыя дні, але дакладныя даты і краіны прызначэння пакуль невядомыя”, — паведамляецца ў тэлеграм-канале каманды Віктара Бабарыкі.

Паводле меркаванняў бяспекі “шмат якая інфармацыя не з’яўляецца публічнай”.

“Цяпер вядзецца актыўная праца па ўзгадненні маршрутаў. Сітуацыю ўскладняюць: адсутнасць пашпартоў у Марыі [Калеснікавай], Віктара [Бабарыка], Максіма [Знака], а таксама ў многіх іншых вызваленых палітвязняў; лагістычныя складанасці; абстаноўка ў рэгіёне з нядаўнімі абстрэламі”, — гаворыцца ў рэлізе.

Каманда Бабарыкі “пастаянна на сувязі з партнёрамі з Украіны, Польшчы, Германіі і ЗША, каб паскорыць вырашэнне пытання выезду”.

13 снежня пасля перамоў у Мінску спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі было вызвалена і вывезена з краіны 123 палітвязні. Большасць з іх зараз знаходзіцца ва Украіне.

ЗША заявілі аб намеры зняць санкцый з беларускіх калійных угнаенняў. 15 снежня Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала агульную ліцэнзію, якая дазваляе правядзенне аперацый з ААТ “Беларуськалій” і ААТ “Беларуская калійная кампанія”.

Падзяліцца: