Намеснік міністра інфармацыі абвінаваціў заходнія фонды ў спробах уплыву на беларускую моладзь праз кнігі
17 снежня, Позірк. Калі раней улады, “гаворачы пра абарону інфармацыйнага поля ў Беларусі, <…> гэта ў большай ступені суадносілі з інтэрнэтам, тэлебачаннем, радыё”, то ў апошнія гады яны бачаць, што “і кнігу выкарыстоўваюць для таго, каб уплываць на моладзь, на пакаленне, якое падрастае”, заявіў на пашыраным пленуме праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі 16 снежня намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі.
Паводле яго слоў, якія перадаюць дзяржаўныя СМІ, “гэта робіцца наўмысна, <…> у тым ліку праз заходнія фонды, і проста так з гэтым мірыцца Міністэрства інфармацыі, вядома, не можа — і Саюз пісьменнікаў таксама не павінен”.
“Мала выбудаваць заслон на шляху літаратуры экстрэмісцкага характару або накіраванай на прапаганду чужых нам каштоўнасцяў — вялікую ўвагу Міністэрства інфармацыі надае падтрымцы айчынных пісьменнікаў”, — сказаў чыноўнік.
Пры гэтым ён “акрэсліў напрамкі, у якіх актыўнасць беларускіх літаратараў неабходна ўзмацніць: “У нас не стае літаратуры дзіцячага характару, літаратуры для падлеткаў, літаратуры, якая склала б канкурэнцыю пісьменнікам-“інаагентам”, як іх прынята называць у Расіі: раманаў, дэтэктываў, якая знойдзе чытача ў больш сталым асяроддзі”.
“Яна ёсць, гэтая літаратура, не кажу, што яе няма, але яна павінна канкураваць. І паверце, мы гатовы такую літаратуру падтрымліваць, прапагандаваць, але і сустрэчная актыўнасць у асобе Саюза пісьменнікаў таксама павінна быць”, — дадаў намміністра.
14 кастрычніка міністр інфармацыі Марат Маркаў на семінары “для актыву” праўладнага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” абвінаваціў апанентаў улады ў ажыццяўленні “падрыўной дзейнасці” праз літаратуру, “старыя добрыя кнігі”.
173 выданні “прызнаныя спецыяльна створанай камісіяй шкоднымі для інтарэсаў краіны”, заявіў тады чыноўнік. Паводле сцвярджэння Маркава, гэтыя кнігі — крыніцы “прапаганды парнаграфіі, ЛГБТ, гвалту, жорсткасці і г.д.”.
Спіс друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюду на тэрыторыі краіны, упершыню быў апублікаваны ў лістападзе 2024 года. Яго фарміраванне стала магчымым пасля пачатку дзеяння ў кастрычніку 2023-га змяненняў у закон аб выдавецкай справе.
Беларускі ПЭН, які дзейнічае з мяжой, назваў спіс забароненых кніг “новай формай цэнзуры”.
Раней Маркаў тлумачыў існаванне пераліку барацьбой з “прапагандай гвалту, нянавісці або вычварэнстваў”.
У верасні Язерскі на дзяржаўным тэлебачанні заявіў, што ў Беларусі распаўсюджваецца шмат “літаратурнага шлаку”: “Трэба забараняць. Не дазваляць прадаваць, не дазваляць увозіць тое, што сёння можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам. І мы гэта робім”.
У траўні на Санкт-Пецярбургскім міжнародным кніжным салоне чыноўнік прапанаваў Расіі абменьвацца спісамі “экстрэмісцкай літаратуры”.
Язерскі займае пасаду з кастрычніка мінулага года. Раней ачольваў камітэт ідэалагічнай працы і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама.
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ Беларусі няма дэфіцыту кадраў у сферы турызму, сцвярджаюць чыноўнікіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка, ЭканомікаЗа студзень — кастрычнік экспарт турпаслуг павялічыўся на 144% — МінспортуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства


