Мінск 12:32

Ва Украіне знойдзены метэазонд з беларускімі цыгарэтамі

Фота: Заходняе рэгіянальнае ўпраўленне ДПСУ

17 снежня, Позірк. У Ковельскім раёне Валынскай вобласці Украіны знойдзены метэазонд з беларускімі цыгарэтамі, паведаміла Заходняе рэгіянальнае ўпраўленне ўкраінскай Дзяржаўнай памежнай службы.

Груз з тытунёвымі вырабамі, які, верагодна, планавалася накіраваць у краіны ЕС на паветраным шары, быў знойдзены ля ўкраінска-беларускай мяжы.

У пакунку знаходзіліся 1.500 пачкаў цыгарэт “Мінск” з акцызнымі маркамі Беларусі (агульны кошт — каля 90 тыс. грыўняў, або звыш 1,8 тыс. еўра), а таксама дзве GPS-прылады з SIM-карткамі беларускага і польскага аператараў мабільнай сувязі.

З улікам маркіроўкі тытунёвых вырабаў, спосабу іх дастаўкі і наяўнасці GPS-прыладаў памежная служба выказала меркаванне, што груз прызначаўся для Польшчы.

3 снежня супрацоўнікі памежнай аховы і паліцыі Латвіі знайшлі метэазонды з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі ў Аўгшдаўгаўскім і Ліванскім краях. Як паведаміла Дзяржаўная памежная ахова Латвіі, да першага метэазонда была прымацаваная ўпакоўка з 31.800 цыгарэт маркі NZ, да другога — з 31.200.

Пра выяўленне аэрастатаў з цыгарэтамі ў Латвіі таксама паведамлялася 24 лістапада. Было перахоплена сем шароў, кожны з якіх транспартаваў каля 60 тыс. кантрабандных цыгарэт (па 3 тыс. пачкаў).

4 снежня партыю кантрабандных цыгарэт, дастаўленых з Беларусі з дапамогай метэазондаў, выявіла Памежная служба Польшчы ў раёне памежнай заставы ў Кузніцы (Падляскае ваяводства). Прадухілены нелегальны абарот 3 тыс. пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі.

У той жа дзень у гміне Барглуў-Касцёльны (тое ж ваяводства) паліцыянты выявілі яшчэ адзін пакунак з цыгарэтамі, дастаўлены метэазондам. Унутры знаходзілася больш за 1,5 тыс. пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызнымі маркамі. Агульны кошт канфіскаваных кантрабандных цыгарэт складае амаль 160 тыс. злотых (каля 38,4 тыс. еўра).

Апошнія некалькі гадоў кантрабандысты актыўна выкарыстоўваюць метэазонды для нелегальнай дастаўкі цыгарэт з Беларусі ў Літву. Аднак гэтай восенню выпадкі прылёту аэрастатаў сталі настолькі частымі і масавымі, што літоўскія ўлады западозрылі рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў садзейнічанні гэтай незаконнай дзейнасці. Як і ў выпадку з міграцыйным крызісам, сітуацыю з наплывам паветраных шароў палічылі элементам “гібрыднай атакі”.

У сувязі з рэгулярнасцю, масавасцю і напрамкам рух аэрастатаў у мэтах бяспекі даводзіцца закрываць паветраную прастору над аэрапортам Вільнюса. У спробе паўплываць на сітуацыю ўлады Літвы часова закрывалі пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, у выніку чаго Мінск ускладніў правілы знаходжання літоўскага грузавога транспарту (частка дагэтуль не можа выехаць з беларускай тэрыторыі) і цяпер дамагаецца палітычнага дыялогу.

9 снежня ўрад Літвы абвясціў экстрэмальную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню праз “гібрыдную атаку Беларусі” ў выглядзе шароў з кантрабандай.

Ранкам 16 снежня супрацоўнікі Бюро крымінальнай паліцыі Літвы правялі 80 вобшукаў і затрымалі 21 чалавека, які падазраецца ў “ажыццяўленні кантрабанды з дапамогай адмыслова падрыхтаваных для гэтага паветраных шароў і ў дапамозе іншай краіне ў дзеяннях супраць Літвы”.

Падзяліцца: