Спікер Сейма Літвы дапускае змены ў стасунках з Беларуссю

17 снежня, Позірк. Пра магчымыя змены ў стасунках з Беларуссю заявіў спікер Сейма Літвы Юозас Олекас у інтэрв’ю LRT, апублікаваным увечары 16 снежня.
“Мы спадзяёмся, што спачатку будуць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя, што наш затрыманы транспарт вернецца, і менавіта таму мы вядзём перагаворы. У першую чаргу, мы вядзём перагаворы на тэхнічным узроўні самі з Беларуссю, а на палітычным узроўні — праз нашых саюзнікаў”, — сказаў кіраўнік парламента.
На пытанне, ці мусіць Літва змяніць сваю палітыку па Беларусі на фоне таго, што ЗША “змякчаюць стаўленне” да яе — Вашынгтон зняў санкцыі на калій, Мінск вызваліў “шмат палітзняволеных”, Олекас адказаў, што жорсткая пазіцыя абмежавальных мер і ціску дае пэўны вынік, але не канчатковы.
Паводле яго слоў, Літва абмяркоўвае з саюзнікамі на ўзроўні НАТО і Еўрасаюза, як дамагчыся найлепшага магчымага выніку, каб рэжым Аляксандра Лукашэнкі “не адчуваў сябе пераможцам, каб ні Літва, ані дэмакратычныя еўрапейскія дзяржавы не прайгралі, а палітычныя зняволеныя маглі атрымаць свабоду”.
У кантэксце каментарыю наконт меркавання галоўнага дарадцы прэзідэнта па пытаннях нацбяспекі Дэйвідаса Матулёніса пра тое, што аднаўленне транзіту калію магло б быць увязанае з размяшчэннем у Літве новых войскаў ЗША, Олекас паведаміў, што Сейм адклаў прыняцце рэзалюцыі па “гібрыднай атацы” Беларусі. Так, паводле яго слоў, было вырашана, каб “знайсці магчымасці для абмеркавання розных варыянтаў”. Спікер парламента падкрэсліў, што Літве “патрэбная бяспека, эканамічная бяспека, і гэта не заўсёды дасягаецца адной толькі жорсткай пазіцыяй, але дасягаецца і дыпламатычнымі шляхамі”.
12 снежня міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс паведаміў, што Вільнюс пагодзіцца накіраваць у Беларусь амбасадара па асаблівых даручэннях для правядзення перагавораў. Паводле яго слоў, такую прапанову літоўскі бок неаднаразова накіроўваў беларускаму як вусна, так і ў пісьмовай форме. 16 снежня прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў заявіў, што ніякай афіцыйнай прапановы ці запыту на арганізацыю сустрэчы ад Літвы па дыпламатычных каналах не паступала.
13 снежня пасля перагавораў у Мінску спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі было вызвалена і вывезена з краіны 123 палітвязні. Большасць з іх цяпер знаходзіцца ва Украіне. Амерыканскі дыпламат заявіў, што ЗША на ўказанне прэзідэнта Дональда Трампа здымаюць санкцыі з беларускіх калійных угнаенняў.
15 снежня Упраўленне па кантролі за фінансавымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) апублікавала агульную ліцэнзію, якая дазваляе правядзенне аперацый з ААТ “Беларуськалій” і ААТ “Беларуская калійная кампанія” (БКК).
Ліцэнзія тлумачыць правілы ў дачыненні да санкцый супраць Беларусі (Belarus Sanctions Regulations, BSR) і дае дазвол на правядзенне аперацый з удзелам БКК, яе ўкраінскага даччынага прадпрыемства ТАА “Агророзквит”, “Беларуськалія”, а таксама з любой арганізацыяй, у якой “адна або некалькі з вышэйпазначаных асоб валодаюць, наўпрост ці ўскосна, індывідуальна ці сумесна, доляй удзелу ў памеры 50% ці больш”.
У той жа час ліцэнзія не дазваляе разблакаванне любой маёмасці, заблакаванай раней і “любыя здзелкі, забароненыя BSR, уключаючы здзелкі, звязаныя з маёмасцю або долямі ў маёмасці любой асобы, заблакаванай у адпаведнасці з BSR, акрамя заблакаваных юрыдычных асоб, апісаных у гэтай агульнай ліцэнзіі, калі гэта не дазволена асобна”.
Чакаецца, што ўвесну 2026 года Еўрасаюз прыме рашэнне пра падаўжэнне ўласных санкцый у дачыненні да беларускіх угнаенняў.
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ЭканомікаПадпіска на агульнарэспубліканскія прапагандысцкія СМІ падаражэла за паўгоддзе на 5–23%, за год — на 10–39% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Эканоміка



