Мінск 15:36

Колькасць пацверджаных фігурантаў справы “Беларускага Гаюна” павялічылася да 127 — “Вясна”

Ілюстрацыя: тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн"

17 снежня, Позірк. Праваабарончы цэнтр “Вясна” атрымаў пацвярджэнне пра 127 узятых пад варту фігурантаў палітычна матываванай справы “Беларускага Гаюна” (маніторынг ваеннай актыўнасці ў Беларусі, у тым ліку расійскай арміі). Агульная ж колькасць затрыманых значна большая, адзначаюць праваабаронцы.

“Суды па гэтай справе працягваюцца дагэтуль па ўсёй Беларусі, — гаворыцца ў паведамленні. — Фігурантам “справы Гаюна” прызначаюць як “хатнюю хімію” (абмежаванне свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, альбо ПУАТ. — “Позірк”.), “хімію” з накіраваннем [у ПУАТ], так і калонію (пазбаўленне волі. — “Позірк”.)”.

25 лістапада “Вясна” паведамляла пра 124 пацверджаных фігурантаў гэтай справы.

28 ліпеня праваабаронцы заяўлялі, што затрымана не менш за 33 чалавекі, 7 жніўня — 38, 18-га — 40, 27-га — 53; 7 верасня — 61, 29-га — 78; 13 кастрычніка — 88, 17-га — 106, 28-га — 111; 1 лістапада — 115, 11-га — 122.

Большасць фігурантаў гэтай справы мужчыны. У віну ставіцца арт. 3614 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Праект “Беларускі Гаюн” быў створаны пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе “збіралася інфармацыя ад людзей”.

“Мы не ведаем, які аб’ём даных мог быць выпампаваны за той час, пакуль у іншага акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй”, — заяўляў тады заснавальнік праекта блогер Антон Матолька.

Ён папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. Некаторыя з іх эмігравалі.

У чэрвені Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Матольку да 20 гадоў пазбаўлення волі за “шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці”.

Падзяліцца: