Абвінавачаны ў падрыве цягнікоў на БАМе беларус Ерамееў прысуджаны ў Расіі да 22 гадоў пазбаўлення волі

18 снежня, Позірк. У Расіі 2-і Усходні акруговы вайсковы суд прыгаварыў 54-гадовага беларуса Сяргея Ерамеева да 22 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі строгага рэжыму, з іх першыя 5 гадоў ён будзе адбываць у турме, паведамляе Генеральная пракуратура РФ.
Таксама Ерамееву прызначаны штраф у памеры 1 млн расійскіх рублёў (каля 12,5 тыс. долараў).
Мужчына прызнаны вінаватым паводле пунктаў “а” і “в” ч. 2 арт. 205 (тэрарыстычны акт, учынены арганізаванай групай, які пацягнуў прычыненне значнай маёмаснай шкоды і іншыя цяжкія наступствы), арт. 205.3 (праходжанне навучання ў мэтах ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 2 арт. 205.4 (удзел у тэрарыстычнай супольнасці), ч. 4 арт. 222.1 (незаконныя захоўванне, перавозка, нашэнне выбуховых прылад, учыненыя арганізаванай групай) і ч. 3 арт. 226.1 (незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Расійскай Федэрацыі выбуховых прылад, здзейсненае арганізаванай групай) Крымінальнага кодэкса РФ.
“Суд устанавіў, што Ерамееў за грашовую ўзнагароду ўвайшоў у склад тэрарыстычнай супольнасці, створанай для здзяйснення выбухаў на аб’ектах транспартнай інфраструктуры Усходне-Сібірскай чыгункі”, — заяўляе расійскае нагляднае ведамства.
Паведамляецца, што, “выконваючы ўказанні арганізатараў злачынства, ён атрымаў самаробныя выбуховыя прылады (СВП), пульты кіравання імі, прайшоўшы перад гэтым адпаведнае навучанне”.
“Прыбыўшы ў Бурацію, Ерамееў усталяваў пульты перад уездам у Паўночна-Муйскі тунэль, а СВП заклаў на вагонах-цыстэрнах з дызельным палівам двух грузавых цягнікоў на бліжэйшых станцыях”, — сцвярджае пракуратура.
У выніку “29 лістапада ў Паўночна-Муйскім тунэлі і 30 лістапада 2023 года на перагоне Перавал — Гарачы Ключ Усходне-Сібірскай чыгункі (абыход Паўночна-Муйскага тунэлю) адбыліся падрывы СВП”. “Гэта прывяло да разбурэння вагонаў-цыстэрнаў, узгарання і разліву паліва, пашкоджання чыгуначнай інфраструктуры, у тым ліку элементаў тунэлю. Сума нанесенай уласнікам маёмасці шкоды перавысіла 102 млн рублёў”, — гаворыцца ў паведамленні.
“Акрамя таго, была парушаная праца транспартнай магістралі федэральнага значэння, затрыманыя цягнікі. Выбухі стварылі небяспеку для супрацоўнікаў цягніковых брыгад і асоб, якія рухаліся ў цягніках”, — адзначаецца ў рэлізе.
Заяўляецца, што ў Ерамеева “канфіскаваныя грашовыя сродкі ў памеры каля 700 тыс. рублёў, атрыманыя ў выніку здзяйснення злачынства, аўтамабіль і іншая маёмасць”. Заяўленыя пацярпелымі пазовы аб кампенсацыі нанесенай шкоды “задаволеныя ў поўным аб’ёме”.
Справа Ерамеева была накіраваная ў суд у ліпені гэтага года.
5 снежня 2024 года паведамлялася, што па справе завершаныя асноўныя следчыя дзеянні.
Тады расійскае выданне “Коммерсантъ” заявіла, што ў 2023 годзе з Ерамеевым звязаўся нейкі грамадзянін Беларусі на імя Аляксей Сакалоў, “абвінавачаны на радзіме ў дзяржздрадзе, і які пражывае то ў Літве, то ў Польшчы”. Ён нібыта паведаміў, што “супрацоўнічае з СБУ”, і прапанаваў Ерамееву “зладзіць акцыі ў Расіі”.
Па дасланых з-за мяжы каардынатах, як пісала медыя, “згодна з яго ж паказаннямі”, Ерамееў знайшоў гараж у Наваполацку (Віцебская вобласць), “у якім быў абсталяваны тайнік”. У ім знаходзілася восем магнітных мін і аванс — 4 тыс. долараў. Пасля гэтага Ерамееў нібыта адправіўся на машыне ў Рэспубліку Бурація (РФ), дзе замінаваў і падарваў два саставы, атрымаўшы за гэта на банкаўскую карту суму, эквівалентную 2 тыс. долараў.
Сцвярджалася, што ён прызнаў віну падчас следства.
Пра затрыманне Ерамеева ў Омскай вобласці Расіі паводле падазрэння ў здзяйсненні тэракту паведаміла 7 снежня 2023 года Федэральная служба бяспекі РФ.
Ведамства сцвярджала, што мужчына “даў прызнальныя паказанні пра выняццё на падставе задання грамадзяніна Беларусі 1981 г.н., які пражывае ў Літве і дзейнічае пад кантролем украінскіх спецслужбаў, з тайніку васьмі выбуховых прыстасаванняў, дастаўцы іх на асабістым аўтамабілі ў Бурацію і закладцы на цыстэрнах грузавых цягнікоў”.
Сцвярджалася, што “затрыманы падарваў саставы з нафтапрадуктамі, якія рухаліся па маршрутах Тайшэт — Тында і Тайшэт — Нярунгры, 29 і 30 лістапада ў Бураціі”. “Калі яны праходзілі па Паўночнамуйскім тунэлі і абводным шляху Байкала-Амурскай магістралі, спрацавалі закладзеныя выбуховыя прыстасаванні, што стала прычынай узгарання цыстэрнаў з гаруча-змазвальнымі матэрыяламі”, — гаварылася ў заяве спецслужбы.
Ерамееў паведаміў, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы: “Я напісаў у тлумачэнні, што праз БАМ зараз вязуць боепрыпасы… Галоўная мэта была перашкодзіць руху”.
Ерамееў — экс-супрацоўнік наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода “Нафтан”, удзельнік страйку на прадпрыемстве ў 2020 годзе. На прадпрыемстве працаваў прыбарыстам кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі.
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа мінулыя суткі суседнія краіны ЕС зафіксавалі па адной спробе незаконнага пераходу мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла чацвёртае месца па росце цэн за 11 месяцаў 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка



