Мінск 14:44

У сувязі з УНС беларускія ўлады заблакавалі знешні доступ да шэрагу дзяржсайтаў

Прыклады блакавання сайтаў: Дома прэсы, Нацыянальнага прэс-цэнтра, першага канала Беларускага радыё, тэлеканала АНТ
Крыніца: "Позірк"

18 снежня, Позірк. На падставе прадпісання Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце з 00:00 18 снежня да 23:59 19 снежня абмежаваны (дэ-факта заблакаваны) доступ з-за межаў Беларусі да сайтаў, размешчаных на віртуальным хостынгу (паслугі “хостынг сайтаў”, “WordPress-хостынг”, “Бітрыкс-хостынг (Міні і Старт)”). Інфармацыя пра гэта размешчаная на сайце воблачнага хостынг-правайдара і рэгістратара даменных імёнаў HostFly.by.

Адзначаецца, што “праца рэсурсаў унутры краіны застаецца без зменаў“, “праекты, на якіх задзейнічаная інтэграцыя з іншымі платформамі, могуць пачаць працаваць са збоямі”.

На сайце прапануюць звярнуць увагу на бягучыя налады DNS і адзначаюць, што “аптымальным рашэннем на гэты часовы перыяд будзе перанакіраванне запісаў на серверы HostFly.by“.

Праведзены Позіркам маніторынг дзяржсайтаў паказаў, што яны заблакаваныя выбарачна. Напрыклад няма, доступу да сайтаў Нацыянальнага прэс-цэнтра, прэс-цэнтра Дома прэсы, тэлеканала АНТ, першага канала Беларускага радыё. Яны адкрываюцца ўнутры краіны і праз VPN з-за мяжы. Працуюць таксама маніторы вонкавай рэкламы ў населеных пунктах.

Абмежаванні ўведзеныя на дні правядзення ў Мінску другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу: улады асцерагаюцца хакерскіх нападаў, падчас якіх на сайтах можа з’явіцца непажаданы для іх кантэнт.

Папярэдні раз падобныя абмежаванні ўводзіліся на пачатку 2025 года на перыяд правядзення працэсу пад назвай “выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь“.

Тады найбуйнейшы рэгістратар даменаў у Беларусі, правайдэр IT-інфраструктуры hoster.by паведаміў, што з 10:00 25 студзеня да 23:59 27 студзеня беларускія правайдары “абмяжуюць доступ да віртуальнага хостынгу з-за межаў Рэспублікі Беларусь”. Гэтыя меры, паводле паведамлення кампаніі, былі абумоўленыя “пагрозамі для аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, якая апрацоўваецца з іх выкарыстаннем“. Кампанія папярэдзіла, каб кліенты “былі гатовыя да магчымых абмежаванняў у даступнасці” іх рэсурсаў, калі яны карыстаюцца “знешнімі сэрвісамі“.

Генеральны дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў тады ў сацыяльных сетках, што “большасць сайтаў у байнэце (больш за 90%) размяшчаецца менавіта на віртуальным хостынгу”.

Офіс Святланы Ціханоўскай “ужо звярнуў увагу замежных партнёраў на блакаванне інтэрнэту ў Беларусі падчас і пасля т. зв. выбараў”, паведаміў 25 студзеня “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка. “Нават пасля пяці гадоў бязлітасных рэпрэсій рэжым баіцца, успамінаючы падзеі 2020-га. Лукашэнка працягвае жыць тым страхам. Блакаванне-яшчэ адно сведчанне таго, што гэта ніякія не выбары, а вайсковая аперацыя незаконнага ўтрымання ўлады”, — адзначыў дарадца.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ўлады амаль цалкам заблакавалі інтэрнэт на тры дні.

Гл. таксама:

BelPol атрымаў доступ да публічных экранаў у Мінску для трансляцыі звароту Ціханоўскай (калі спасылка не працуе, калі ласка, карыстайцеся гэтай)

Падзяліцца: