Мінск 14:55

ЕАБР знізіў да 1,8% прагноз па росце ВУП у 2025 годзе

Ілюстрацыя: quasa.io

18 снежня, Позірк. З 3% да 1,8% знізіў прагноз па росце ВУП у 2025 годзе ў Беларусі Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР).

У прагнозе ЕАБР адзначаецца, што ВУП у Беларусі вырасце ў 2026 годзе таксама на 1,8%, а ў далейшым развіццё эканомікі паскорыцца.

“Стрымліваць рост працягвае зніжэнне попыту на беларускую прадукцыю праз запаволенне эканомікі ключавога гандлёвага партнёра — Расіі. Пры гэтым высокая інвестыцыйная і спажывецкая актыўнасць падтрымліваюць рост эканомікі”, — адзначае банк.

Інфляцыя ў Беларусі будзе знаходзіцца каля абноўленай мэтавай адзнакі — 7%. Яе больш хуткаму запаволенню перашкаджае “імпарт цэнавага ціску з Расіі” і дэфіцыт працоўных рэсурсаў, гаворыцца ў прагнозе.

Сярэдні курс долара ў 2026 годзе чакаецца на ўзроўні 3,32 рубля. Умеранае паслабленне курсу звязана з “ростам імпарту і скарачэннем экспарту тавараў”. “Захаванне чыстага продажу валюты насельніцтвам падтрымае курс”, — прагназуе ЕАБР.

У чэрвеньскім прагнозе ЕАБР чакаў рост ВУП Беларусі па выніках 2025 года на ўзроўні 3%.  Адзначалася, што дэфіцыт працоўнай сілы будзе тармазіць рост эканомікі Беларусі.

Таксама ў чэрвені ЕАБР адзначаў, што на фоне “астуджэння Расіі” ў 2026–2027 гадах эканоміка Беларусі вернецца да збалансаваных тэмпаў росту — у сярэднім каля 1,7% за год.

Аналітыкі банка прагназавалі паскарэнне інфляцыі ў Беларусі да канца 2025 года да 7,7%, на што паўплывае паслабленне абменнага курсу беларускага рубля і захаванне праінфляцыйнага ціску з боку дынамічнага ўнутранага попыту. Акрамя таго, адзначалі эксперты, працяглы перыяд павышанага росту цэн у Расіі “сфарміраваў умовы для так званай імпартаванай інфляцыі”.

У 2026–2027 гадах банк прагназаваў рост інфляцыі ў Беларусі да 8,2%, пасля чаго яна пачне запавольвацца.

Ва ўмовах “некаторага паскарэння інфляцыі” ў Нацыянальнага банка, на думку аналітыкаў ЕАБР, будзе “абмежаванае месца для змякчэння грашова-крэдытных умоў, і ўчорашняе павышэнне стаўкі рэфінансавання таму пацверджанне”.

У снежаньскім макрапрагнозе за 2024 год ЕАБР прагназаваў, што ВУП Беларусі вырасце па выніках 2025-га года на 2,6%, 2026-га — 1,9%, 2027-га — 1,5%.

Інфляцыя, згодна з папярэднім прагнозам, у гэтыя гады прагназавалася на ўзроўні 6,6%, 7,9% і 7,4% адпаведна.

Сярэднегадавы курс беларускага рубля да долара — 3,38, 3,57 і 3,81.

Падзяліцца: