Па выніках 11 месяцаў Віцебская вобласць была аўтсайдарам па тэмпах развіцця сярод рэгіёнаў

18 снежня, Позірк. Па выніках студзеня — лістапада 2025 года Гомельская і Мінская вобласці лідзіравалі, а Віцебская адставала па тэмпах сацыяльна-эканамічнага развіцця, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Валавы рэгіянальны прадукт (ВРП) павялічыўся (тут і далей у гадавым вымярэнні) у Гомельскай вобласці на 2,5%, Мінску — на 2,3%, Гродзенскай — на 1,5%, Брэсцкай — на 1,3%, Мінскай — на 1,1%, Магілёўскай — на 0,3%; у Віцебскай знізіўся на 1%.
Сельгасвытворчасць вырасла ў Гомельскай вобласці на 8,3%, Магілёўскай — на 4,5%, Брэсцкай — на 0,4%; у Гродзенскай зменшылася на 1,9%, Віцебскай — на 2,7%, Мінскай — на 2,9%.
Прампрадукцыі выпушчана ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях больш на 0,8%, Мінскай — на 0,7%; у Гомельскай менш на 2%, Магілёўскай — на 3,5%, Мінску — на 3,7%, Віцебскай — на 3,9%.
Інвестыцыі ў асноўны капітал павялічыліся ў Гомельскай вобласці на 18,3%, Віцебскай — на 17,4%, Мінскай — на 12,4%, Гродзенскай — на 11,3%, Магілёўскай — на 10,9%, Брэсцкай — на 8,6%, Мінску — на 8,3%.
Агульнай плошчы жылля ўведзена ў Мінску больш на 33,2%, Магілёўскай вобласці — на 20,2%, Віцебскай — на 15,6%, Гомельскай — на 11,8%, Мінскай — на 4,7%; у Брэсцкай — менш на 5,5%, Гродзенскай — на 8%.
Рознічны тавараабарот вырас у Мінску на 10,3%, Мінскай вобласці — на 7%, Гомельскай — на 6%, Брэсцкай — на 5,5%, Магілёўскай — на 5,4%, Віцебскай — на 4,8%, Гродзенскай — на 4,2%.
Аптовы тавараабарот павялічыўся ў Мінску на 1%; у Гродзенскай вобласці зменшыўся на 1,9%, Мінскай — на 2,9%, Гомельскай — на 3,4%, Магілёўскай — на 3,8%, Брэсцкай — на 8,6%, Віцебскай — на 31,6%.
Яшчэ два паказчыкі прадстаўленыя за студзень — кастрычнік.
Рэальная заработная плата стала большай у Мінскай вобласці на 11%, Магілёўскай — на 10,9%, Брэсцкай — на 10,7%, Гродзенскай — на 10,2%, Віцебскай — на 9,8%, Гомельскай — на 9,4%, Мінску — на 7,9%.
Сальда знешняга гандлю таварамі ў Брэсцкай вобласці склала 1 млрд 778,9 млн долараў, Мінскай — 1 млрд 536 млн, Гродзенскай — 924,5 млн, Магілёўскай — 771,2 млн, Віцебскай — 315,4 млн; у Гомельскай і Мінску склалася адмоўным 133,7 млн і 7 млрд 635,9 млн адпаведна.
Такім чынам, у кантэксце дзевяці паказчыкаў Віцебская вобласць па тры разы займала 5-е і 7-е месцы, па разу — 2-е, 3-е і 6-е.
Сітуацыя ў Віцебскай вобласці “сумная — яна горшая, чым дзе-небудзь”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 кастрычніка на нарадзе аб мерах па забеспячэнні ўстойлівага развіцця гэтага рэгіёну і сітуацыі з падзяжом у краіне буйной рагатай жывёлы.
“Мы не можам спакойна глядзець на рост негатыўных тэндэнцый, — сказаў ён. — Я зраблю ўсё, каб прымусіць вас працаваць, адгаворкі не прымаюцца”.
Лукашэнка адзначыў, што на фоне “некаторых поспехаў”, у развіцці вобласці ёсць “шмат адмоўных момантаў і недапрацовак”.
Паводле яго слоў, пасля “мадэрнізацыі імя Косінца-Сямашкі” (экс-кіраўнік вобласці, а цяпер намеснік старшыні УНС Аляксандр Косінец і былы першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка) “апошняе прадпрыемства “Віцебскдрэў” спынена ў лютым 2025 года з буйнымі абавязкамі”, “Пастаўскі мэблевы цэнтр таксама не моцна разгортваецца”.
Прыведзеныя прыклады, паводле слоў Лукашэнкі, кажуць пра тое, што “ўстойлівасці ў эканоміцы вобласці няма”, а таксама сведчаць, што кіраўнікі рэгіёну “проста безадказныя людзі”.
“На 1 верасня сукупная запазычанасць вобласці складала 1,6 млрд рублёў. З іх амаль 950 млн неабходна выплаціць у бліжэйшую пяцігодку. Вы пацягнеце? Пры такіх тэмпах — не. Як да гэтага дастукаліся?” — заявіў ён.
Напярэдадні сустрэчы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты паведаміў журналістам дзяржСМІ, што ўвесну старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін прадставіў “праграму адраджэння Віцебшчыны”. “Але аказалася, што большасць мерапрыемстваў абсалютна не прапрацаваныя. Як прэзідэнт ёміста адзначыў, гэта было фактычна пражэктарства. І ён адправіў гэтыя дакументы на дапрацоўку. Вось фактычна паўгода вялася гэтая дапрацоўка”, — сказаў чыноўнік.
Разам з тым, на думку Крутога, “перспектыўным напрамкам” у вобласці з’яўляецца лагістыка: “Ёсць добры патэнцыял у выглядзе асаблівай эканамічнай зоны “Брэміна-Орша”. < … > Ёсць планы па развіцці аэрапорта Віцебска, рэканструкцыі, будаўніцтве некалькіх найважнейшых магістраляў, таму што Віцебшчына хоча стаць буйным чыгуначным кантэйнерным хабам”.
13 снежня 2021 года, прызначаючы Субоціна кіраўніком Віцебскай вобласці, Лукашэнка падкрэсліў, што нельга больш “спакойна глядзець, як вырашаюцца некаторыя пытанні”.
“Вырашаюцца яны не па ўсіх напрамках так, як мы думалі… Гэта значыць праблем нямала. Вам лёгка будзе ўвайсці ў курс справы. Але і яшчэ папрашу: вы не “адкідайце” цяперашняга губернатара [Мікалая Шарстнёва]. Вы яго досвед павінны выкарыстоўваць, на якой бы працы ён ні працаваў пасля гэтага. Ні адзін губернатар не застаецца па-за справамі: яны ўнеслі свой уклад у развіццё абласцей. Але патрэбныя новыя людзі”, — адзначыў палітык.

- Грамадства, ПалітыкаКіраўнік БАЖ: Незалежная беларуская журналістыка — фактар рэгіянальнай бяспекіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа мінулыя суткі суседнія краіны ЕС зафіксавалі па адной спробе незаконнага пераходу мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла чацвёртае месца па росце цэн за 11 месяцаў 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка

