Мінск 19:53

Манцэвіч: У Беларусі і Літвы адзіная мэта — мы будзем жыць у свабоднай Еўропе

Аляксандр Манцэвіч
Фота: "Позірк"

18 снежня, Позірк. Літоўская журналісцкая прэмія “Надзея свабоды” — узнагарода для ўсёй супольнасці беларускіх журналістаў, у тым ліку тых яе прадстаўнікоў, якія сёння ў няволі, заявіў на цырымоніі ўзнагароджання 18 снежня ў Вільнюсе сёлетні лаўрэат рэдактар “Рэгіянальнай газеты”, экс-палітвязень Аляксандр Манцэвіч.

Прэмія заснаваная парламентарыем Казісам Старкявічусам і ўручаецца разам з літоўскімі журналісцкімі арганізацыямі. У 2024 годзе гэтую ўзнагароду атрымала галоўны рэдактар ​​”Медыязона. Беларусь” Анастасія Бойка, у 2023-м і 2022-м — беларускія журналісты, экс-палітвязні Ягор Марціновіч і Алег Груздзіловіч адпаведна.

“Колькі часу я быў за калючым дротам. І ўсё ж я адчуваў салідарнасць і падтрымку нашых калег. Калег з Беларусі, з Еўропы — у першую чаргу з Літвы. Вестачкі пра тое, што пра наш лёс ведаюць там, да нас даходзілі, можаце ў гэта паверыць, — сказаў Манцэвіч. — Я дзякую пану Старкявічусу і яго сям’і, журналісцкай супольнасці Літвы, палітыкам Літвы за тое, што яны праяўляюць у цяжкія для нас часы такія знакі салідарнасці — і сімвалічныя, і практычныя”.

Паводле слоў журналіста, за кратамі не было лёгка, але перад ім “былі прыклады стойкасці, якія дапамагалі гэтыя часы перажыць”. “Для мяне асабіста прыкладам стойкасці былі і застаюцца [былы галоўны рэдактар ліквідаванага ўладамі парталу tut.by] Марына Золатава, [журналіст і актывіст неафіцыйнага Саюза палякаў] Анджэй Пачобут ды іншыя журналісты, якія ці яшчэ знаходзяцца там, ці, як Марына, якая днямі выйшла адтуль”, — адзначыў ён.

Сёння Манцэвіч, які прабыў у няволі 2,5 года і быў вызвалены і высланы з Беларусі сёлета ў верасні, “дыхае свабодным паветрам” у Літве.

“Але сапраўдная свабода для мяне, для маіх калег надыдзе, калі мы будзем дома, — канстатаваў ён. — Бо толькі дома можна адчуць сапраўдны подых, сапраўдную атмасферу свабоды”.

“Упэўнены, што гэтая адзнака працы нашай журналісцкай супольнасці ёсць цэментам, які мацуе Літву і Беларусь, літоўскіх журналістаў і беларускіх журналістаў. У нас адзіная мэта, мы яе дасягнем — мы будзем жыць у свабоднай Еўропе”, — падсумаваў Манцэвіч.

Аляксандр Манцэвіч узнагароджаны літоўскай журналісцкай прэміяй "Надзея свабоды"

18 снежня, Позірк. Рэдактару "Рэгіянальнай газеты", экс-палітвязню Аляксандру Манцэвічу прысуджаная літоўская прэмія "Надзея свабоды". Цырымонія ўзнагароджання адбылася 18 снежня ў Вільнюсе ў рамках Форума краін Балтыі і пераследаваных журналістаў "Журналістыка і дэмакратыя ў часы глабальнага канфлікту". Прэмія "Надзея свабоды" заснаваная …
Падзяліцца: