Мінск 15:32

Лукашэнка загадаў да канца першага квартала 2026 года ліквідаваць пры ведамствах маркетынгавыя структуры

Трансляцыя: news.by стоп-кадр: "Позірк"

19 снежня, Позірк. “Блатнымі кармушкамі чыноўнікаў з разадзьмутымі штатамі і заробкамі“ назваў структуры пры некаторых ведамствах Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 18 снежня са штогадовым пасланнем народу і Нацыянальнаму сходу на VII Усебеларускім народным сходзе ў Мінску.

Лукашэнка загадаў ураду за першую палову 2026 года “цалкам перагледзець ролю і функцыянал так званых інстытутаў развіцця“.

“Дзеля чаго мы трацім столькі грошай на структуры, якіх не відаць і не чуваць: Нацыянальнае агенцтва па інвестыцыях пры Мінэканомікі, Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан’юнктуры цэн пры МЗС, Агенцтва па знешнеэканамічнай дзейнасці пры банку развіцця, Беларуская гандлёва-прамысловая палата і іншае?” — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, пытанні маркетынгу і цэн актуальныя, але імі павінны займацца самі ведамствы, а не дадатковыя структуры. Іх Лукашэнка загадаў ліквідаваць цягам першага квартала 2026 года.

Беларуская гандлёва-прамысловая палата (БелГПП) — недзяржаўная некамерцыйная арганізацыя, мае 65-гадовую гісторыю, аб’ядноўвае больш за 2 тыс. членаў. Займаецца знешнеэканамічнай дзейнасцю, ацэнкай, экспертызай, сертыфікацыяй і іншым. Старшыня — Міхаіл Мятлікаў, які займаў у 2016-2022 гадах пасаду амбасадара Беларусі ў Грузіі.

Арганізацыя BelPol паведамляла, што прадстаўнікі Мінскага аддзялення БелГПП планавалі 23-28 лютага 2025 года наведаць Турын і Мілан (Італія) з прэзентацыямі “вытворчага і экспартнага патэнцыялу і паслуг беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый“. Таксама беларускія візіцёры павінны былі ўдзельнічаць у круглых сталах бізнес-асацыяцый абодвух гарадоў для “вызначэння напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах“.

12 студзеня ў інтэрв’ю тэлеканалу СТБ старшыня БелГПП Мятлікаў паведаміў, што яго ўстанова “праводзіць мерапрыемствы з партнёрамі як з Заходняй, так і з Усходняй Еўропы“.

Нацыянальны цэнтр маркетынгу, які прапануе “шырокі комплекс паслуг па суправаджэнні знешнеэканамічнай дзейнасці і закупак“, узначальвае таксама былы дыпламат, Мікалай Барысевіч. У 2014-2019 гадах быў амбасадарам у Нідэрландах, у 2019-2021-м — начальнікам галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі МЗС Беларусі, пазней — намеснікам міністра замежных спраў. Працаваў таксама прэс-сакратаром МЗС (1998-2000) і Лукашэнкі (2000-2001).

У Нацыянальным агенцтве па інвестыцыях пры Мінэканомікі, мяркуючы па даных на афіцыйным сайце, дырэктара цяпер няма, першым намеснікам з’яўляецца былы намеснік міністра эканомікі Алена Пермінава. Агенцтва займаецца інвестыцыйнымі магчымасцямі і інвестпраектамі.

Падзяліцца: