Мінск 17:33

За ахову Ціханоўскай будзе адказваць паліцыя Літвы

Фота: старонка Святланы Ціханоўскай у сацсетцы Х

19 снежня, Позірк. Паліцыя Літвы будзе забяспечваць бяспеку беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, паведамляе LRT са спасылкай на інфармагенцтва BNS.

“Магу пацвердзіць, што паліцыя бярэ на сябе ахову Ціханоўскай”, — адзначыў прэс-сакратар Дэпартамента паліцыі Рамунас Матаніс.

Паводле яго слоў, спрацоўнікі паліцыі пачнуць выконваць гэтыя абавязкі “ў бліжэйшыя дні”.

7 кастрычніка стала вядома, што Літва знізіла ўзровень фізічнай аховы Ціханоўскай, якая разам з сям’ёй пражывае ў Вільнюсе. Афіцыйная прычына — рэвізія ступені пагроз. Шэраг літоўскіх палітыкаў раскрытыкаваў гэтае рашэнне (былы кіраўнік МЗС Габрыэлюс Ландсбергіс расцаніў гэты крок як здраду). Экс-прэм’ер Літвы Інгрыда Шыманітэ назвала яго не тэхнічным, а палітычным.

Дзеючы прэм’ер Інга Ругінене адзначыла, што ахова Ціханоўскай не знята, але “скарэкціравана з улікам бягучых рэалій”.

8 кастрычніка саветнік дэмлідара па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі заявіў, што работа фізічнага офіса ў літоўскай сталіцы прыпынена ў сувязі “са зменамі ў сістэме аховы і бяспекі”.

14 кастрычніка прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што сітуацыя з аховай Ціханоўскай драматызуецца.

17 кастрычніка стала вядома, што літоўскія ўлады часова вярнулі Ціханаўскую ахову — да таго часу, пакуль не будзе сфарміравана новая сістэма бяспекі.

22 кастрычніка намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў аб “пагрозах учынення забойства”, якія паступілі на яго адрас і ў адрас Ціханоўскай.

Перагляд аховы Ціханоўскай “не быў палітычным рашэннем аб зніжэнні ўзроўню”, гэта “змена формы”, заявіў 24 кастрычніка міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

У СМІ час ад часу з’яўляецца інфармацыя аб планаваным пераездзе Офіса Ціханоўскай у Польшчу з меркаванняў бяспекі. Супрацоўнікі каманды палітыка гэтыя звесткі абвяргаюць.

Падзяліцца: