Мінск 17:33

МУС папярэдзіла аб актывізацыі махляроў перад навагоднімі святамі

19 снежня, Позірк. Навагоднія і калядныя святы непрыстойныя грамадзяне выкарыстоўваюць для незаконнага ўзбагачэння, заявіў 19 снежня на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Ясючэня.

“Для нашых жыхароў Новы год і Каляды — гэта дні весялосці, дні паднятага настрою. Але ёсць, на жаль, шэраг грамадзян (іх становіцца ўсё больш і больш), якія спрабуюць гэтыя дні выкарыстоўваць у мэтах здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў”, — падкрэсліў ён.

Паводле яго слоў, у цяперашні час у інтэрнэце размешчана вялікая колькасць аб’яў аб зніжках на тавары, якія людзі спрабуюць набыць да святаў. Аднак, сказаў Ясючэня, у большасці сваёй “за гэтымі аб’явамі стаяць так званыя фэйкі”.

“Усе спрабуюць нешта набыць са зніжкай, з акцыяй, але, на жаль, фіксуем мы факт таго, што за гэтымі аб’явамі стаіць поўны нуль”, — сказаў прадстаўнік МУС.

Гаворачы аб працы міліцыі ў святочныя дні, ён адзначыў, што асноўным месцам для мерапрыемстваў у сталіцы стане пляцоўка ля Палаца спорту.

“Ужо з 20 снежня па 11 студзеня тут будзе праводзіцца штодзённы кірмаш “Калядны кірмаш”. З 25 снежня па 7 студзеня тут жа пройдуць канцэртныя мерапрыемствы. Міліцыя возьме дадзеную пляцоўку пад асаблівы кантроль: будуць выстаўляцца пешыя нарады ў рознай іх колькасці”, — паведаміў прадстаўнік ГУУС.

У навагоднюю ноч святочная праграма пройдзе з 23:30 да 4:00.

“Будуць выстаўленыя кантрольна-прапускныя пункты. Людзі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, якія прыносяць прадметы, якія абмежаваныя да абароту або забароненыя для праносу, не будуць дапускацца”, — падкрэсліў Ясючэня.

Тры КПП будуць арганізаваныя з боку станцыі метро “Няміга”, Палаца спорту і гандлёвага комплексу “Galleria”.

Праход да месца правядзення мерапрыемства з хатнімі жывёламі, на роварах, скутэрах будзе недапушчальны. Што тычыцца вады, якую можна пранесці з сабой, то дапускаецца толькі празрыстая вадкасць аб’ёмам да 0,5 літра, адзначыў спікер.

З 20 снежня сталічная міліцыя пяройдзе “ў рэжым больш павышанай пільнасці”.

У пачатку 2026 года непрацоўнымі днямі будуць 1 і 2 студзеня — Новы год, 7 студзеня — праваслаўнае Раство, вынікае з пастановы Савета Міністраў № 397 ад 22 ліпеня.

Падзяліцца: